Эксперт: Аляксандр Лукашэнка саступіць у эканамічнай інтэграцыі


Алег Сянцоў, рэжысёр і былы палітвязень, заявіў: «Датычна таго, што Расея хоча міру… колькі б воўк не хаваўся ў авечую шкуру, зубы ў яго па-ранейшаму на месцы, не хвалюйцеся». Хто пабываў у ваўчынай пашчы – той ведае. Суседзі спрабуюць збегчы ад зубоў Пуціна. Навошта ж ён Трампу і Макрону?

У 2014-ім годзе Аб’яднаная Еўропа ўвяла палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць Расеі менавіта за дэстабілізацыю ва Украіне. Ініцыятыву ЗША падтрымаў у тым ліку Еўразвяз і дзяржавы Вялікай сямёркі. Цяперашні лідар Белага Дому Доналд Трамп перад паездкай у Францыю на G7 заявіў:

«Я думаю, што значна больш дарэчы мець Расею ў складзе G7, таму што краіны «сямёркі» кажуць шмат аб тым, што звязана з Расеяй. Таму я схільны зноў бачыць «васьмёрку», калі б нехта зрабіў такую ​​прапанову».

Такую пазіцыю Доналда Трампа не прынялі еўрапейскія чальцы «сямёркі». Супярэчлівыя звесткі ў прэсе былі толькі пра пазіцыю Францыі. Прэзідэнт Макрон стараецца адкрыць дзверы для супрацы з Расеяй перад самітам аб мірным урэгуляванні, які пройдзе ў Парыжы. Макрон стараўся пасрэднічаць у перамовах паміж Пуціным і Зяленскім. «Абмен ваеннапалоннымі» – добры прыклад прагрэсу Масквы ў вырашэнні канфлікту з Украінай.

Каментуе прафесар Андрэй Макарычаў, Інстытут паліталогіі Тартускага ўніверсітэту:

«Мы бачым сёння, што ЗША ўступілі ў проціборства з Кітаем, і адпаведна Доналд Трамп шукае падтрымку ва Уладзіміра Пуціна. Мы бачым, што Францыя спрабуе зацвердзіць лідарства ў ЕЗ і ў гэтым кантэксце стараецца абаперціся на Расею. Усе спрабуюць гуляць з Расеяй, і ў гэтым кантэксце Украіне ўсё больш складана адстойваць свае інтарэсы».

На фоне ўкраінскага канфлікту менш незаўважаныя працэсы, якія адбываюцца паміж Расеяй і Беларуссю. Тым часам Крэмль настойвае на інтэграцыі Менску і адзінай валюце.

Працягвае палітолаг з Эстоніі Андрэй Макарычаў:

«Паколькі ў Расіі не вельмі шмат кандыдатаў на праекцыю сваёй сілы – з Кітаем асабліва ў такія гульні не пагуляеш, то цалкам зразумела, што гэта Грузія, Украіна, Беларусь».

Эксперт з Беларусі лічыць, што калі Аляксандр Лукашэнка саступіць у эканамічнай інтэграцыі, прыйдзецца саступіць і ў ваенна-палітычнай.

Каментуе Арсен Сівіцкі, Цэнтр стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, Менск:

«Сюды можна аднесці размяшчэнне ваенных базаў, спробу перападпарадкаваць групоўку войска аб армянскай мадэлі і, нарэшце, прапанову завяршыць стварэнне адзінай вайсковай арганізацыі адзінай дзяржавы».

Пра гэта прэзідэнты не інфармуюць сваё насельніцтва. Але гэта не значыць, што да прыкладу, грамадзяне Расіі, не заўважаюць настроі свайго кіраўніцтва.

Мы папрасілі жыхароў Масквы пракаментаваць. Вось што яны нам сказалі:

«Наагул не падтрымліваю нашу палітыку, накіраваную супраць усіх. Напэўна, усё разумеюць, пра што ідзе гаворка».

«Ён сапсаваў усе адносіны, якія можна, таму адмоўна. Гэтак жа і з Украінай. Спачатку дзялілі не так як трэба, а цяпер адымаем».

«Сёння становішча напружанае ў свеце, як ніколі. А падабаецца мне, што мы стойкая краіна і моцна трымаем удары з усіх бакоў».

«Адкрытай стала і моцнай краіна, а што датычыць заходніх краін і Амерыкі – гэта агрэсія».

«Не падзяліліся як краіна, пасябравалі з Каўказам, у Чачэніі няма вайны, так? У цэлым усё ў парадку мне здаецца».

Агрэсіўная вонкавая палітыка Масквы яшчэ раней адпужала шэраг постсавецкіх краін. Зараз ад Расеі аддаляюцца Казахстан і Узбекістан, усё часцей выбіраючы ў якасці партнёра Кітай.

Сюжет выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў