«Пуцін чакае перамоваў і саступак, каб у абмен схаваць свае іклы»


Былы міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс разважае пра новую стратэгію ў стасунках з Расеяй і адсутнасць еднасці сярод краінаў Еўразвязу.

Ідэя стварыць зону вольнага гандлю паміж ЕЗ і Еўразійскім эканамічным звязам пераследуе калідоры Бруселю. Такімі заўважаннямі дзеліцца на старонцы EUobserver дэпутат літоўскага Сейму Аўдронюс Ажубаліс. На яго думку, вольны гандаль і адмена візаў з мэтай пазбегнуць вайны ў Еўропе любым коштам наўрад ці спыняць агрэсію.

«Мы толькі ўводзім у зман краіны Усходняга Партнёрства, ствараючы ўражанне, што іх лепшы шлях у Еўропу ляжыць праз Маскву і разам з Масквой. Мусім стымуляваць рэформы, не адмаўляючы перспектывы прыняцця ў ЕЗ любой з шасці дзяржаваў», – заўважае Аўдронюс Ажубаліс. І дадае, што ў адваротным выпадку геапалітычны вакуўм будзе запоўнены праектам, варожым да еўрапейскага.

Па словах Ажубаліса, заходні альянс пераўзыходзіць Расею ў вайсковай і эканамічнай магутнасці, але яму не хапае цвёрдасці. На гэта і разлічвае Уладзімір Пуцін, які чакае, што яго запросяць за стол перамоваў, зробяць саступкі ў абмен на якія ён «схавае іклы».

Літоўскі дэпутат каментуе апошнія заявы з Еўрапарламенту аб неабходнасці стварыць новую стратэгію ў адносінах з Расеяй:

«У нас ужо ёсць стратэгія, але многія сябры ЕЗ яе не выконваюць. Адзіны сродак, які прымусіць Крэмль прачнуцца – моцны і аб’яднаны ціск праз санкцыі, якія будуць дзейнічаць ажно да моманту, калі захопнік збярэ валізкі і пакіне Украіну».

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў