Прызначылі дзень Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць


Аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць на сваім паседжанні 10 студзеня абраў сваё кіраўніцтва і прызначыў дату правядзення падзеі. Пра гэта паведаміў у Facebook сустаршыня аргкамітэту Ігар Рынкевіч.

Кангрэс плануецца правесці ў Дзень Канстытуцыі Беларусі 15 сакавіка 2020 года.

Апроч Ігара Рынкевіча, сустаршынямі аргкамітэту прызначаныя былая дэпутатка Алена Анісім, былы суддзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў ды сустаршыня БХД Павел Севярынец. Агулам плануецца 5 сустаршыняў, але вакантнае месца пакінулі для тых партыяў і арганізацыяў, якія збіраюцца далучыцца да аргкамітэту.

#КангрэсНезалежнасці 10 студзеня 2020г. адбылося 2-е пасяджэнне Аргкамітэту Усебеларускага Кангрэсу за незалежнасць. Да…

Opublikowany przez Igora Rynkevicha Piątek, 10 stycznia 2020

Створаныя таксама працоўныя групы па арганізацыйна-тэхнічных ды фінансавым пытаннях.

Нормы ды квоты прадстаўніцтва дэлегатаў кангрэсу пакуль не вызначаныя.

Арганізатары бачаць кангрэс у якасці ўсебеларускага форуму, які прадставіць інтарэсы дэмакратычнай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці. Плануецца запрасіць на кангрэс прадстаўнікоў беларускай дыяспары, гасцей з краін-суседзяў, дыпламатаў краін Еўразвязу ды краін-падпісантаў Будапэшцкага мемарандуму.

«На кангрэсе не плануецца намінацыя прэтэндэнтаў на ўдзел у «прэзідэнцкай кампаніі». Але пры гэтым у аргкамітэце прапанавалі выказаць на кангрэсе стаўленне да выбарчага заканадаўства ды «выбараў» у Беларусі», – заявіў Ігар Рынкевіч.

Рэгламент працы кангрэсу плануецца прыняць 17 студзеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў