Прывід хлопчыка з-пад Горадні: несупакоеная душа ці хронаміраж?

Калі жанчыны вырашылі павялічыць плямку на здымку, то ў момант жахнуліся: гэта быў сілуэт хлопчыка з выцягнутаю рукой. Апісаны ніжэй выпадак адбыўся гадоў пяць таму. Тады да вядомага мастака і рэстаўратара Уладзіміра Кіслага звярнуўся сябар, таксама мастак, чыя жонка трапіла ў дзіўную, калі не сказаць вусцішную, гісторыю.

Вярнуліся, каб пакласці шакаладку

Ранняй вясной дзве жанчыны гулялі ў лесапарку Пышкі на ўскрайку Горадні. Паралельна фатаграфавалі адна адну на лічбавы фотаапарат. Не даходзячы да Нёмну, але ўжо прайшоўшы танцпляцоўку, зрабілі чарговы здымак, але побач з фігураю аказалася дзіўная плямка… Павялічылі тую плямку і ў момант жахнуліся: гэта быў сілуэт хлопчыка з выцягнутаю рукой.

Мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы

Апанаваныя жахам, бо побач не было ніводнай жывой душы, жанчыны пабеглі з лесу, але пасля вярнуліся: чамусьці вырашылі пакласці на тое месца плітку шакаладу. Далей адная з іх распавяла пра гісторыю свайму мужу, а той, павялічыўшы сілуэт хлопчыка на фота і раздрукаваўшы, пайшоў да Кіслага, які быў знаёмы са шмат якімі святарамі, бо рэстаўраваў іконы – а раптам што падкажа?

Імша экзарцыста на досвітку

«Я звярнуўся да Юзафа Макарчыка, – распавядае Уладзімір, – гэта на той момант пробашч францішканскага касцёлу ды адзін з некалькіх дыпламаваных экзарцыстаў у краіне. Неўзабаве на досвітку мы паехалі на тое месца ды а. Юзаф справіў адмысловую імшу. Паводле ягонай версіі, гэта магла быць несупакоеная душа хлопчыка…»

Закінутыя могілкі ў Пышках, непадалёк ад месца здарэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Паводле Уладзіміра, лес Пышкі наагул вельмі дзіўнае і неспакойнае месца. Побач з Нёмнам – закінутыя могілкі, а ў 1939–41 гг., як казалі старажылы, бальшавікі ладзілі ў лесе расстрэлы. Ды і ў самым Нёмне ці мала хто калі тапіўся?

А. Андрэй Крот: «Гэта не жартачкі!»

Паразмаўляць з манахам-францішканцам Юзафам Макарчыкам нам не ўдалося – працяглы час ён ужо не служыць у Горадні, а жыве ды працуе ў Вільні. Затое выпадак пракаментаваў душпастыр парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот:

«Лепей успрыняць гэта сур’ёзна, гэта не жартачкі! Каб не трапіць у небяспеку з нейкімі невядомымі сіламі, лепш перасцерагчыся. Як? Калі ёсць нават падазрэнне адносна дзейнасці нябачных сілаў – варта звярнуцца да святара. Ён дасць кампетэнтную параду, пасвеціць памяшканне, дзе адбываюцца дзіўныя рэчы, або – накіруе да экзарцыста. Гэта адмысловы святар, які можа служыць экзарцызмы – службы для выгнання злых духаў».

Павялічаны фрагмент здымку з «прывідам»

Паводле а. Андрэя, ён асабіста з падобнымі выпадкамі не сутыкаўся, але чуў ад калегаў-святароў гэткія гісторыі. Агулам жа свой экзарцыст ёсць у кожнай каталіцкай дыяцэзіі, якіх у Беларусі чатыры, напрыклад, у Гарадзенскай гэта а. Чэслаў Паўлюкевіч (в. Рось). Ёсць гэткія служыцелі і ў праваслаўных, адное што з іншаю назвай.

Закінутыя могілкі ў Пышках, непадалёк ад месца здарэння. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Хронаміраж або «нясцёртыя файлы» мінулага

Сам фрагмент здымку з сілуэтам хлопчыка Уладзімір Кіслы захоўвае і да сёння. Шмат кантактуючы са святарамі, ён багата наслухаўся падобных гісторыяў. Напрыклад, пробашч аднаго з гарадзенскіх касцёлаў распавядаў яму пра фота з вяселля, дзе над маладымі навісала звярыная пыса з вусцішнаю грымасай… І калі на плёначным фота яшчэ магчымае напластаванне кадраў, то на лічбавых – гэта наўпрост выключана.

Месца дзе быў зняты «прывід». Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Цікава, што хлопчык на фота ў старасвецкай вопратцы, – працягвае Кіслы. – Хто ведае, можа, гэта хронаміраж? Карцінка з мінулага, «запісаная» пэўнаю тэрыторыяй – роўна таксама, як вы запісваеце інфармацыю на дыск, сціраеце, але фрагменты могуць заставацца… Усё гэта таямніцы нябачнага свету, якіх мы не можам зразумець…

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў