«Прымушалі есці, а пасля назіралі, як мяне ванітуе». Беларусы ўзгадваюць жахі з дзіцячых садкоў


Адныя дзіцячага садку амаль не памятаюць, іншыя згадваюць яго з цеплынёй, узгадваючы, як ляпілі снегавіка ці палілі пудзіла на Масленіцу, а камусьці на думку пра садок на розум прыходзіць манка і ненавісная какава з пенкай. Але расповеды некаторых дарослых беларусаў прымушаюць уздрыгнуцца і падумаць: як такое ўвогуле магло адбывацца? Марына Вашкевіч сабрала гісторыі людзей, што выраслі ў розных кутках нашай краіны.
Таццяна, 35 гадоў, садок у Горадні
На ціхую гадзіну некаторых дзяцей адпраўлялі спаць пад ложкі, сярод клубоў пылу. Галавой трэба было класціся на сандалікі. Выхавальніцы тлумачылі, што так караюць за кепскія паводзіны, але насамрэч не разбіраліся, проста здзекаваліся з усіх па чарзе. Цікава, што бацькам я пра гэта наважылася распавесці толькі ў школьным узросце.
Антаніна, 22 гады, садок у Менску
Калі я ўпершыню прыйшла ў групу, выглядала як хлопчык – у мяне была кароткая стрыжка, а сукенак я не насіла. Выхавальніца пачала называць мяне Антошкам, за ёй сталі паўтараць і дзеці – яны ўвогуле думалі, што я хлопец. Было крыўдна да слёзаў, і я падышла да выхавальніцы з просьбай называць мяне Тоняй.
З гэтага пачаліся здзекі: убачыўшы, што падчас дзённага сну я ляжу з расплюшчанымі вачыма, яна на некалькі гадзінаў паставіла мяне стаяць на халодную падлогу. Я была босая, у адной бялізне.
Гэткія «метады» выхавальніца выкарыстоўвала не толькі са мной: аднойчы падчас дзённага сну хлопчык з маёй групы ўвесь час кашляў, а яна, сцвердзіўшы, што ён робіць гэта спецыяльна, засунула яму ў рот ягоныя шкарпэткі.
Ілюстрацыйны здымак. Аўтар – Sergei Bobylev/TASS
Аляксандр, 30 гадоў, садок у Менскай вобласці
Часта на сняданне ці абед нам давалі дзіўныя рулеты, ад якіх мяне ванітавала – я адмаўляўся іх есці. Выхавальніцы загадзя ведалі, што мяне вырве, і, калі ў меню былі рулеты, саджалі мяне за асобны стол ды прымушалі есці, а пасля назіралі, як я ванітую. Гэта была не разавая, а пастаянная практыка.
Андрусь, 33 гады, садок у Менску
Нянечка ў садку прымушала мяне спяваць «Чунга-Чангу». Маўляў, раз цемнаскуры, то мушу спяваць адпаведную песню. О, як я тады гэта ўсё ненавідзеў.
Інга, 37 гадоў, садок у Горадні
Калі была ціхая гадзіна, у прыбіральню нас не пускалі. У выніку дзеці часта прачыналіся ў лужыне. Асабліва Бора. Тады нянечка або выхавальніца выстаўлялі яго перад усёй групай ды, заліваючыся рогатам, абвяшчалі, што «Бора сёння лавіў ракаў». А мяне ў прыбіральню пускалі заўсёды – за добрыя паводзіны.
Аляксандр, 33 гады, садок у вёсцы Бачэйкава, Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць
Нашыя выхавальніцы ў якасці пакарання ставілі нас у камору – цёмны пакой, дзе не было мэблі. Бацькам мы не казалі, лічылі гэта нармальным. Цяпер я разумею, што гэта была не зусім нармальная практыка, але тады не баяўся гэтага пакарання – любіў пасядзець, паразважаць у адзіноце.
Андрэй, 50 гадоў, садок у Менску
Нас у садку білі цяжкой мокрай анучай. Каб мы маўчалі, рот заклейвалі клейкай стужкай – гэта была звычайная практыка. Бывала, прывязвалі нагамі да ножак крэсла – каб мы не рухаліся. Калі гэта зрабілі са мной, я распавёў маме, пасля гэтага прывязваць перасталі, але анучай для падлогі білі заўсёды – толькі пырскі ляцелі.
Алекс, 34 гады, садок у Ваўкавыску
Калі прыспеў час аддаваць мяне ў садок, насупраць нашага дому якраз пабудавалі новы. Ён прызначаўся для дзяцей рабочых аднаго з заводаў, і маім бацькам – настаўнікам гісторыі – давялося пераконваць загадчыцу, каб мяне прынялі. Хіба таму для выхавальніц я стаў чалавекам другога гатунку. Іх звалі Бэла Васільеўна і Вера Васільеўна – іх імёны я запомніў назаўжды, і я не ведаю, хто з іх ненавідзеў мяне больш. Яны зневадалі мяне па-рознаму, але больш за ўсё памятаю два выпадкі.
Першы такі. Вера Васільеўна пастаянна пужала, што, калі не даем суп, вылье мне яго за карак. І аднойчы ўсё ж выліла. А калі зразумела, што нарабіла, стала ліхаманкава выграбаць суп з-пад маёй кашулі.
Другі выпадак таксама здарыўся падчас абеду: мне было кепска і есці не хацелася, але выхавальніцы прымушалі. Калі ў выніку мяне званітавала ў талерку, яны змушалі мяне есці тое, што там апынулася. Я адмовіўся ды скінуў пасудзіну.
Але агулам я еў добра, нават манную кашу ды запяканкі. Вось толькі праз гады маці распавяла, што калі я ішоў есці дома, бубніў сабе пад нос: «Куды прэш, паразіт, паспееш…». Пазней яна зразумела, што гэта былі словы выхавальніц… А яшчэ Вера Васільеўна і Бэла Васільеўна пастаянна ладзілі нам прагляд сеансаў Кашпіроўскага.
Ілюстрацыйнае фота. Аўтар – Sergei Bobylev/TASS
Ліза, 35 гадоў, садок каля Жлобіна
Не магу сказаць, што гэта быў здзек, але цяпер згадваць гэта дзіўна. Калі выхавальніца адчувала, што нехта пукнуў, яна ставіла наш у шэраг і пытала, хто гэта зрабіў. Калі ніхто не прызнаваўся – казала, што будзе высвятляць. І высвятляла – падыходзіла да кожнага і нюхала азадак. А калі знаходзіла «злачынцу», паведамляла групе і сароміла яго.
Марына, 22 гады, садок у Берасці
Мне здарылася засмяяцца на ціхай гадзіне – ціха, у далонь. У якасці пакарання выхавальніца загадала сваім дочкам (яны хадзілі ў адну са мною групу) сцягнуць мяне з ложка і завесці ў пакой іншай групы. Гэта было груба і балюча.
Я ляжала як камень, з выпучанымі вачыма – глядзела, як чужыя дзеці бегалі ля мяне ды абмяркоўвалі. Цяпер гэта гучыць смешна, але тады мне было жудасна і вельмі кепска.

Што кажуць псіхолагі?

Чаму дзеці не робяць, здавалася б, элементарнага – не распавядаюць пра такія выпадкі бацькам? Чым небяспечны негатыўны досвед у садку? І галоўнае – як абараніць сваё дзіця ад патэнцыйнага гвалту ў садку? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да псіхолага Алесі Каньковай.

Алеся Канькова, псіхолаг-практык, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры агульнай і клінічнай псіхалогіі БДУ.

Чаму дзеці не скардзяцца бацькам

Дзеці рэдка распавядаюць бацькам нават пра жахлівыя выпадкі, якія адбыліся з імі ў дзіцячым садку. Гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў.

Па-першае, бацькі не заўсёды задаюць патрэбныя пытанні.

Забіраючы дзяцей з садка, бацькі часцей за ўсё пытаюць дзіця, ці добра ён сябе паводзіў і што еў. І толькі заўважыўшы сіняк або драпіну, цікавяцца, што адбывалася ў садку.

Па-другое, дзеці жывуць сапраўдным – менавіта тым, што адбываецца ў дадзены момант. Часта яны так рады сустрэчы з бацькамі, што тое, што адбылося на працягу дня, становіцца менш істотным.

Па-трэцяе, у экстрэмальных сітуацыях у дзяцей спрацоўвае механізм псіхікі, які псіхолагі называюць інтраекцыяй агрэсара. Дзякуючы яму псіхіка дзіцяці «прыбірае» агрэсара як частку знешняй рэальнасці і робіць яго рэальнасцю ўнутранай.

Іншымі словамі, дзіцяці лягчэй справіцца з страшнай сітуацыяй і выстаяць, калі з ёй прымірыцца, а не аказваць супраціў. Адчуваючы бяссілле, дзіця прыстасоўваецца да сітуацыі – так наша псіхіка клапоціцца пра тое, каб мы маглі выжыць, бо ў выпадку з дзецьмі стратэгія прыстасаванні працуе лепш, чым супраціў.

Акрамя таго, дзіця давярае бацькам, і раз яны прынялі рашэнне, што дадзены выхавальнік добра аб ім клапоціцца, значыць, усяму, што зыходзіць ад гэтага чалавека, трэба падпарадкоўвацца.То бок дзіця думае, што агрэсар мае рацыю, а яно, малое, вартае такога стаўлення. Да таго ж некаторыя дзеці проста не вераць, што бацькі могуць іх абараніць.

Чым пагражае кепскі досвед з дзіцячага садка

У выніку дзіцячых траўмаў чалавек схільны да ірацыянальных установак і перакананняў у дачыненні самога сябе. Могуць узнікаць складанасці ў сацыялізацыі, у прафесійнай рэалізацыі і ў будаванні асабістых адносін. Гэта выдатна ілюструе выпадак 15-гадовага падлетка, які вельмі хацеў, але не мог пасябраваць з аднагодкамі. Як высветлілася, у дзіцячым садзе ён быў вельмі актыўным, і за гэта выхавальніца яго неўзлюбіла. Яна саджала яго есці асобна, а іншым дзецям не дазваляла з ім сябраваць і казала, што гэты хлопчык – воўк, які можа пакусаць. Такія наступствы дарослым даводзіцца лячыць, працуючы з псіхолагам.

Таксама чалавек, які атрымаў псіхалагічную траўму, падобную да апісаных героямі матэрыялу, у дарослым узросце можа адчуваць бяссілле ў сітуацыях, якія нагадваюць балючыя падзеі з дзяцінства.

Прывяду прыклады з практыкі: адна маладая жанчына ўпадала ў стан бездапаможнасці, калі нехта іншы лаяў яе дзяцей. Аказалася, у дзяцінстве яе саму ў якасці пакарання выхавальніца прымушала стаяць распранутаю перад іншымі дзецьмі.

Іншая жанчына, якую ў дзяцінстве білі па попе лінейкай і ставілі ў кут у майтках і майцы, у наступстве дранцвелі перад настаўніцай свайго сына, будучы не ў стане адстойваць яго інтарэсы.

Што рабіць, каб вашае дзіця не пацярпела ў дзіцячым садку?

У першую чаргу ўсім бацькам варта навучыцца задаваць дзіцяці пытанні – тыя, што дапамогуць выбудаваць з сынам ці дачкой даверныя адносіны:

  • Што было найлепшым і найгоршым з таго, што адбылося за сёння?
  • Ці табе была патрэбная дапамога?
  • А можа быць, ты сам камусьці дапамагаў?
  • Што больш за ўсё цябе парадавала і засмуціла сёння?
  • Як справы ў тваіх сяброў?

Акрамя таго, псіхолагі пагаджаюцца ў меркаванні, што менавіта ад стасункаў з выхавальніцай перш за ўсё залежыць, ці будзе дзіцяці добра ў садку. Таму, выбіраючы для сына ці дачкі садок, перш за ўсё варта звяртаць увагу не на колькасць развівальных заняткаў або абсталяванне, а на асобу выхавальніц. Важна, каб яны ўступалі ў асабісты кантакт, глядзелі ў вочы, уважліва ставіліся не толькі да паводзін дзіцяці, але і да яго стану.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў