«Прычына высвятляецца». Сваякі атрымалі пасведчанне аб смерці гомельца, загінулага пасля затрымання


Аляксандр Віхор загінуў 11 жніўня, аднак толькі сёння ягоныя родныя атрымалі пасведчанне аб смерці, піша TUT.by.

Аляксандр Віхор.
Фота: архіў героя

«Прычына смерці высвятляецца» – вось што напісана ў пасведчанні аб смерці 25-гадовага Аляксандр Віхора, гамельчука, які загінуў 11 жніўня пасля затрымання на пратэсце.

Яго затрымалі ўвечары 9 жніўня ў Гомлі, калі ён ішоў на спатканне з дзяўчынаю. Разам з астатнімі Аляксандра закінулі ў цесны і душны аўтазак. У хлопца былі праблемы з сэрцам. Ён скарадзіўся на кепскае самаадчуванне, але АМАПаўцы не звярталі на гэта ўвагі.

У выніку, калі па хлопца прыехала хуткая дапамога, было ўжо занадта позна. 11 жніўня ён памёр. Увесь гэты час сваякі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.

Hавiны
25-гадовы гамяльчук памёр пасля затрымання
2020.08.12 20:36

Зараз сваякі Аляксандра патрабуюць завядзенне крымінальнай справы па факце смерці хлопца. Аднак TUT.by падае, што ў Следчага камітэту свая версія таго, што адбылося. Маўляў, Аляксандр браў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, за што атрымаў 10 содняў. Падчас адбывання адміністрацыйнага арышту яму стала блага і ён памёр. Падчас першаснага агляду бачных слядоў, якія маглі стаць прычынаю смерці, не было знойдзена.

Аляксандр Віхор стаў другім чалавекам, чыя смерць была афіцыйна пацверджаная падчас пратэстаў у Беларусі. Першы – Аляксандр Тарайкоўскі, загінуў у Менску 10 жніўня. Сёння, 15 жніўня, некалькі дзясяткаў тысячаў людзей прыйшлі, каб развітацца з ім.

ВІДЭА
Развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім. ОНЛАЙН
2020.08.15 11:57

КТ belsat.eu

Стужка навінаў