Прыбіральню за мільён долараў у Гомлі закрылі пасля візіту Лукашэнкі і Парашэнкі

ВІДЭА

Прыбіральня за мільён долараў

Самая дарагая прыбіральня краіны, якую ў аўральным рэжыме намагаліся адкрыць да прыезду кіраўнікоў Беларусі і Украіны 25–26 кастрычніка, цяпер стаіць зачыненая.

Канчатковы кошт «маўзалею», як ахрысцілі грамадскую прыбіральню мясцовыя жыхары, размешчанага на набярэжнай Сажа, не называюць. Вядома, што фінансаваўся ён з мясцовага бюджэту, на што першапачаткова вылучалі $ 750 тысячаў.

Мы паспрабавалі даведацца, чаму прыбіральня, якую адчынілі падчас наведання гораду Лукашэнкам і Парашэнкам, цяпер не працуе. На мінулых выходных у яе, дарэчы, пускалі бясплатна.

Дырэктарка Гомельскага палацава-паркавага ансамблю ў каментары belsat.eu адзначыла, што прыбіральню яшчэ афіцыйна не ўвялі ў эксплуатацыю. Ірына Пыркова параіла звяртацца да будаўнікоў.

У прыёмнай Упраўлення капітальнага будаўніцтва нам паведамілі, што яе закрылі праз надвор’е.

Тэрміны працы над праектам некалькі разоў пераносіліся: паводле тэндарнай дакументацыі будаўніцтва павінна было распачацца ў лютым 2018 года і скончыцца ў чэрвені. Аднак будаваць прыбіральню пачалі толькі ў чэрвені.

Неафіцыйна ва ўпраўленні адзначаюць, што, спяшаючыся, яе як след не дарабілі. Цяпер гэтым займаюцца будаўнікі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары