Кацярына Ваданосава ў жніўні 2020 года сышла з БТ і падтрымала пратэсты супраць Лукашэнкі. Сёння яна вядомая беларуская вядоўца і спявачка. Але ёй давялося сутыкнуцца з цяжкаю хваробаю.
Кацярына Ваданосава – выканаўца, актывістка, музыка, вядоўца праграмаў на «Белсаце», маці двух дзетак. У 2020 годзе яна ўдзельнічала ў забастоўцы работнікаў БТ. А далей ейнае жыццё радыкальна змянілася, як і жыццё тысячаў беларусаў.
«Потым я спрабавала існаваць у межах Беларусі да жніўня 2021 года, потым прыйшлося ў тэрміновым парадку эміграваць спачатку ў Літву, потым ва Украіну, і ўжо пасля пачатку вайны мы прыехалі, дакладней пешшу прыйшлі, мы мяжу пешшу пераходзілі ў Польшчу. І тут высветлілася, што ў мяне рак», – распавядае Кацярына Ваданосава.
Жанчына перажыла некалькіх аперацыяў і хіміятэрапію. У такіх абставінах яшчэ больш пачынаеш цаніць тое, што маеш, і разумець сапраўдную каштоўнасць здароўя і ўнутранай свабоды.
«Я шчыра веру, што ўсмешка і стаічнае ўспрыманне ўсіх тых нягодаў, якія мы перажываем, – яны дапамагаюць нам рабіцца мацнейшымі», – дзеліцца Кацярына Ваданосава.
Нягледзячы на хваробу, Кацярына шмат працуе і спадзяецца, што дзякуючы падтрыманню гледачоў праграмы «Беларус беларусу» зможа падрыхтаваць да друку і выдаць зборнік сваіх вершаў. Марыць яна і пра адкрыццё курсаў для стварэння традыцыйнага беларускага строю, але ёй трэба практычная дапамога ў рэалізацыі гэтай ідэі. Заўсёды ёсць і магчымасць запрасіць Кацярыну на канцэрт.
Таксама ў праграме Дар’я Чульцова, якая атрымлівае падарунак ад гледачоў праграмы «Беларус беларусу».
Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com
Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.
І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.
Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.