Прэзідэнт Туркменістану «ажыў» і скіраваўся да Брамы пекла


Гурбангулы Бердымухамедаў, чуткі пра смерць якога ходзяць ужо доўгі час, 4 жніўня нарэшце з’явіўся на дзяржаўным тэлебачанні Туркменістану. Больш за 28 хвілінаў з 36-хвіліннага выдання вечаровых навінаў былі прысвечаныя ягонаму адпачынку.

«Непамерлага» прэзідэнта Туркменістану не бачылі ўжо амаль месяц

На відэа туркменскі кіраўнік пакатаўся на кані ды на ровары, пратэставаў новую зброю, пагуляў у боўлінг, праінспектаваў з міністрамі басейн, а пасля павучыў іх рабіць спартовыя практыкаванні, праслухаў песню ды праехаў на пазадарожніку да падпаленага газавага кратару ў пустэчы Каракумы, які вядомы як Брама пекла.

Завяршыўся сюжэт тым, што Бердымухамедаў скончыў пісаць кнігу ды паставіў дату – 4 жніўня 2019 года.

«Говорит Москва»: памёр Гурбангулы Бердымухамедаў. Амбасада Туркменістану: «гэта хлусня»

Прэзідэнта Туркменістану не бачылі ад 5 ліпеня. Афіцыйна ён знаходзіцца ў адпачынку ад 15 ліпеня да 15 жніўня і піша кнігу пра лекавыя расліны. Але летась Бердымухамедаў сыходзіў у адпачынак толькі на два тыдні, і ўвесь гэты час дзяржаўныя СМІ дэталёва апісвалі яго справы.

Адзіны сюжэт з удзелам кіраўніка краіны выйшаў за гэты час на дзяржаўным тэлебачанні 24 ліпеня, неўзабаве пасля таго, як з’явіліся чуткі пра ягоную смерць. Але мясцовыя эксперты заявілі, што ў ім маглі скарыстаць кадры, знятыя яшчэ 10 траўня.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары