Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч не прыйшоў на цырымонію адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску, бо на стадыёне была каманда спартоўцаў з Косава пад сваім сцягам. Адмова сапсавала настрой Аляксандру Лукашэнку, распавёў Вучыч журналістам, піша sport.blic.rs.
«Мне было вельмі складана сказаць (Лукашэнку – заўв. belsat.eu), што я не буду прысутнічаць на цырымоніі, таму што я ведаю, колькі ён працаваў і як ён гэта зрабіў. Ён ставіў Мядзведзева з аднаго боку, а з другога боку хацеў паставіць мяне. Гэта вялікі гонар. Ён сказаў мне, што не пойдзе на стадыён без мяне. Мне было цяжка ўбачыць, што ў такога цвёрдага чалавека я амаль убачыў слёзы, калі я сказаў, што мы не можам прысутнічаць», – патлумачыў прэзідэнт Сербіі.
Вучыч дадаў, што мусіў паступіць як прэзідэнт Сербіі і прэтэнзіяў да Лукашэнкі не мае.
«Ён клапаціўся пра нас, і мне шкада, што я расчараваў беларускага гаспадара, але ў мяне не было выбару», – сказаў прэзідэнт.
Александар Вучыч прыляцеў у Менск 21 чэрвеня і ў першай палове дня правеў асабістую сустрэчу з Лукашэнкам.
ІІ belsat.eu