Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон адмовіўся ад паездкі ў Беларусь, каб пазбегнуць каранціну пасля вяртання. Пра гэта ён заявіў 15 траўня падчас штотыднёвага выпуску «Прэзідэнт адказвае», піша «Інтэрфакс-Захад».
Дадон адзначыў, што на наступным тыдні ў Менску адбудзецца пасяджэнне кіраўнікоў дзяржаваў ЕАЭС, дзе Малдова мае статус назіральніка.
«Па ўзгадненні паміж прэзідэнтамі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным гэта пасяджэнне пройдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі. Але ў мяне было запрашэнне ў гэты ж перыяд паехаць у Менск. Я збіраўся ехаць, але адмовіўся ад гэтага намеру, бо ў адваротным выпадку давялося б заставацца ў каранціне на працягу 14 дзён пасля вяртання», – заявіў Дадон.
Ён паведаміў, што пракансультаваўся з гэтай нагоды з міністаркай аховы здароўя, якая патлумачыла, што знаходжанне на каранціне пасля вяртання ў краіну застаецца абавязковым. «Нягледзячы на тое, што рэжым надзвычайнага становішча мінае сёння, гэтая мера будзе захавана яшчэ на працягу нейкага перыяду часу», – падкрэсліў Дадон.
ІІ belsat.eu