Прэзерватыў і шкарпэткі ў адным наборы. У Берасці падрыхтавалі падарункі для мужчынаў


Такі арыгінальны і недарагі падарунак выпусціў Берасцейскі панчошны камбінат: мяркуюць, што ён падыме настрой і таму, хто яго атрымае, і таму, хто яго падорыць.

Лімітаваная серыя выйшла супольна з беларускім дыстрыб’ютарам лекавых прэпаратаў «Фармін», што выпускае прэзерватывы пад брэндам «Indigo». У кожны набор уваходзіць адна пара класічных чорных шкарпэтак з прэзерватывам. У продажы набор зʼявіўся сёння, у фірмовых крамах панчошнага камбінату яго можна набыць за 2 рублі 99 капеек.

«Кожны вытворца настроены на тое, каб чымсьці адрознівацца ад сваіх канкурэнтаў. Некалькі гадоў таму мы запусцілі такі прадукт, як шкарпэткі ў бляшанцы. Складана прыдумаць нешта новае ў вытворчасці шкарпэтак, і канкурэнтная барацьба вядзецца ў галіне маркетынгу. Таму нарадзілася такая ідэя – зрабіць цікавы, вясёлы ды не шаблонны прадукт і прымеркаваць гэта да дня, калі жанчыны дораць сувеніры мужчынам, не толькі блізкім, але і калегам з працы, знаёмым, прыяцелям. Такі сувенір, які каштуе няшмат, карысны і цікавы. Не менш прышпільны прадукт, чымся джэнтльменскі набор, мы рыхтуем да 1 красавіка. Нам самым цікава гэтым займацца, мы будзем працягваць» – распавёў «Белсату» дырэктар Берасцейскага панчошнага камбінату Сяргей Жаўняровіч.

Да 8 сакавіка на прадпрыемстве абяцалі стварыць арыгінальны падарункавы прадукт і для жанчын, але што гэта будзе, пакуль што таямніца.

Прадпрыемства ўжо не раз здзіўляла пакупнікоў незвычайнаю прадукцыяй, напрыклад, шкарпэткамі ў бляшанцы, але гэтым разам панчошны камбінат не стаў выкарыстоўваць спрэчнай сімволікі.

Фота
Берасцейскі панчошны камбінат выпусціў шкарпэткі пераможцаў. Фотафакт
2017.05.03 19:10

АС belsat.eu

Стужка навінаў