Прэм'ера на «Белсаце»: «Чыстае мастацтва» – прарочы фільм пра падзеі ў Беларусі


Кадр з фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва»
Максім Швед. Фота з архіву героя інтэрв’ю

Калі рэжысёр Максім Швед здымаў гэты фільм, ён і падумаць не мог, што галоўны герой – мастак Захар Кудзін – неўзабаве скончыць жыццё самагубствам. І гэта не адзінае прароцтва, якое можна ўбачыць у стужцы.

«Белсат» пакажа «Чыстае мастацтва» ў нядзелю, 13 верасня, а 19:30. Глядзець эфір можна онлайн на YouTube-канале «Белсат News» або праз спадарожнік «Аstra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»). А калі ў вас даступная старонка belsat.eu, то ў закладцы «Онлайн».

У чаканні эфіру мы паразмаўлялі з Максімам Шведам пра падзеі, што адбыліся пасля таго, як фільм выйшаў у пракат, эміграцыю і затрыманне, якое скончылася адседжваннем у ізалятары.

– Як ты пачуваешся з тым, што зняў шмат у чым прарочы фільм? Я нават не ўзгадваю пра момант, калі дзяўчына гаворыць Захару, што чорны і жоўты – колеры самагубцаў. Узяць хаця б жанчыну з ЖЭСу, якая штодня ў межах працоўных абавязкаў замазвала графіці на будынках Менску, а на выставе ўзяла балончык з фарбаю і з непрыхаваным задавальненнем напісала на сцяне «Жыве Беларусь!». У гэтыя дні мы бачым, як працаўнікі дзяржаўных установаў робяць смелыя ўчынкі, звальняюцца са сваіх пасадаў.

– Не тое, каб я хацеў сам сабе камплімент зрабіць, але гэта кажа пра тое, што фільм добра зроблены. Дакументальная стужка з часам мае рабіцца лепшаю. Для мяне фільм набыў іншы сэнс, калі не стала Захара, галоўнага героя. Хоць ён там толькі трошкі паказаны, бо гэта была нашмат больш цікавая, шматгранная асоба, чым мы маглі дазволіць сабе паказаць у гэтым фільме.

А наконт таго, што на ніжэйшым узроўні ёсць пратэставы патэнцыял… Ён заўсёды быў. Я заўсёды гэта ведаў і адчуваў. Для мяне таксама была нечаканай сцэна, калі гераіня пачала пісаць «Жыве Беларусь!». Але не тое, каб для мяне гэта было дзіва… Гэта было, хутчэй…

– … прыемным пацверджаннем тваіх здагадак?

– Так, менавіта. Людзі розныя, але я заўсёды верыў у лепшае. І калі мы з імі [працаўніцамі ЖЭСу. – Белсат] пазнаёміліся, было відаць, што гэта – хоць і простыя, але шчырыя і цікавыя людзі. Фільм мы здымалі ў 2017 годзе, які быў таксама крыху пратэставым, бо тады выйшаў дэкрэт аб дармаедах. То бок гэтая энергія пратэставая крыху адчувалася.

Захар Кудзін. Кадр з фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва»

– Ты задаваў сабе пытанне: як бы ты здымаў «Чыстае мастацтва», калі б рабіў гэта сёння? З аднаго боку, тэма стала яшчэ больш актуальнаю, хоць бы ў кантэксце з муралам, прысвечаным дыджэям пераменаў. З іншага – складана сабе ўявіць, што ты здымаеш, як мастак выносіць велізарнае палатно і малюе проста пасярод вуліцы, як гэта рабіў Захар. А можа, у цябе ёсць ідэя зрабіць працяг або другую частку?

– Тэма развярнулася так, што цяпер абсалютная большасць надпісаў – пратэставыя. У 2017-ым іх амаль не было. Пра дыджэяў, дарэчы, ужо здымаюць фільм.

Я мог бы зрабіць паўнавартасную стужку пра Захара. Засталося шмат матэрыялу, што не ўвайшоў у «Чыстае мастацтва», – там і ягоная жонка, і бацькі… Але тут праблема з аўтарскімі правамі: паводле дамовы, увесь матэрыял належыць прадзюсарам.

Таму цяпер я працую над фільмам пра выбары ды падзеі пасля іх. Прычым здымаю кіроўцаў таксі. Гэта і ў плане бяспекі зручна: заўсёды можна ўцячы.

Кадр з фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва»

– 10 жніўня ты не паспеў уцячы і трапіў на «содні». Распавядзі, з кім ты сядзеў, ці былі там іншыя прадстаўнікі творчых прафесіяў? Можа, вы «Чыстае мастацтва» ў камеры абмяркоўвалі?

– Збольшага гэта былі простыя хлопцы. Хто па шаўрму ішоў [у момант затрымання. – Белсат], хто па цыгарэты. Дакументальнае кіно ім не вельмі цікавае. Хоць адзін дзядзька нават узгадваў Манскага і ягоны фільм пра Паўночную Карэю [расейскага рэжысёра Віталя Манскага, аўтара стужкі «У промнях сонца»; з ягоных рук Максім у 2019-м атрымаў на «Артдокфесте» – самым буйным фестывалі дакументальнага кіно ў Расеі – узнагароду за лепшую рэжысуру. – Белсат].

Я кажу: «О, я нават ведаю яго, прыз атрымоўваў». Але казаць: «Гэй, пацаны, я тут круты рэжысёр!» – не выпадала. Уяві сабе, што ты ў тралейбус села і пачынаеш распавядаць, хто ты такая. Там трэба было банальныя побытавыя пытанні развязваць.

– А як гэты досвед паўплываў на цябе ў плане прафесійным?

– З матэрыялаў, што я здымаў перад тым як мяне затрымалі ды калі выйшаў, я зрабіў невялікі фільм. Яго неўзабаве пакажуць на «Белсаце», разам з фільмамі Андрэя Куцілы ды Кацярыны Маркавец. Мой фільм распавядае пра дзень, калі мяне затрымалі, і ўражанні ад перажытага.

Гэта, вядома, вельмі цікавы быў для мяне досвед. Я б назваў гэта такім сацыяльным турызмам. Вельмі шмат розных мужчынаў у адным месцы. Калі б я меў лепшую памяць, гэта быў бы гатовы сцэнар спектаклю. Там было шмат дзіўных гісторыяў. Кожны дзень быў іншым, і людзі мяняліся. Для мяне гэта быў – ну, не адпачынак, вядома, але вельмі цікавы эксперымент. Калі яшчэ трапіцца ў жыцці магчымасць вось так з людзьмі, якіх ты не ведаеш увогуле, цягам пяці дзён дзяліць побыт.

Кадр з фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва»

– Шмат для каго з творчых асобаў, і не толькі творчых, тэма эміграцыі зноў зрабілася актуальнаю. У свой час Захар вярнуўся ў Беларусь з ЗША. Як гэта адбілася на ягоным жыцці?

– Калі казаць пра беларусаў, то такія людзі, як Захар, на Радзіме – гэта вялікі плюс. Але ён тут вельмі – не тое, каб сумаваў… Тут зусім іншыя хуткасці…

– Цяжка было псіхалагічна?

– Вельмі было цяжка. Ён увесь час марыў вярнуцца, але ў яго не было магчымасці, яго ж дэпартавалі.

Я нават, калі мы яго хавалі, крыху ўзяў зямлі з магілы – можа, калі-небудзь даеду і завязу.

Бо ў яго была такая нават крыху ідэя-фікс. Мы маглі гуляць, напрыклад, і ён раптам казаў: о, сёння – дзень, калі я паехаў у нейкі там штат. Або нешта там [у амерыканскім перыядзе жыцця Захара. – Белсат] адбывалася. Хоць, кажуць, пад канец 2019-га ён пачаў сумнявацца: ці варта туды ехаць, можа ён ужо зрабіў усё, што мог.

– А якое ты бачыш выйсце для творчай асобы ў сённяшніх умовах, калі ставяць перад выбарам: з’ехаць ці маўчаць? Унутраная эміграцыя? Сядзець чытаць кніжкі? Сысці ў онлайн-выкладанне?

– Я ўсё ж такі спадзяюся, што мы нешта зменім, і гэта адбудзецца яшчэ сёлета. У 2020-ым столькі было сюрпрызаў ужо, што я спадзяюся, яны не скончацца. Але творчая несвабода, у якой цяжка функцыянаваць, ужо была, і мы неяк у ёй выжывалі. Мой фільм нават паказвалі на «Лістападзе» [у 2019-м «Чыстае мастацтва» атрымала таксама прыз кінакрытыкаў на кінафестывалі «Лістапад» у Менску. – Белсат ]. А ў ім людзі пішуць «Жыве Беларусь!» і кажуць пра Лукашэнку. То бок, можна было знайсці хады.

А цяпер, я ўпэўнены, што ментальнасць вельмі моцна змянілася, мы нарадзіліся ў нейкім сэнсе, і страх знік. Таму нават калі ў хуткім часе ўлады не зменяцца, гэтую творчую энергію ўжо не спыніць. Дастаткова паглядзець на ўсе гэтыя плакаты! Гэта проста будзе прымаць іншыя формы.

– Добра, а калі б цябе пазбавілі магчымасці зарабляць творчасцю?

– У мяне былі цяжкія часы, калі я здымаў «Чыстае мастацтва», і я зразумеў, што нейкія тылы, вядома, трэба мець. І нічога лепшага я не прыдумаў, чым завесці сабе чайны грыб. Мару пра нейкі бізнес, гэта вельмі папулярны цяпер напой і ў Еўропе, і ў Амерыцы. То бок можна яго развіваць у любой кропцы свету. Але я б хацеў, натуральна, у Беларусі.

Размаўляла Інга Чэх

Стужка навінаў