Прэм'ер Іспаніі заявіў, што ў краіне самы жорсткі каранцін у Еўропе


Іспанія знаходзіцца на другім пасля Італіі месцы ў Еўропе па колькасці інфікаваных каронавірусам, аднак улады лічаць, што краіну яшчэ чакае рост колькасці хворых і памерлых ад ускладненняў.

Улады Іспаніі распачалі самыя жорсткія ў Еўропе меры каранціну, каб запаволіць распаўсюд COVID-19, паведаміў прэмʼер-міністр Пэдра Санчэс, перадае El Pais.

Нягледзячы на ​​гэта, Іспанія ўваходзіць у лік краін, якія мацней за ўсё пацярпелі ад вірусу, заявіў ён.

«На жаль, колькасць дыягназаў і загінулых будзе павялічвацца ў бліжэйшыя дні. Наступаюць вельмі цяжкія дні, мы павінны падрыхтавацца з псіхалагічнага і эмацыянальнага пункту гледжання», – сказаў Санчэс.

14 сакавіка Савет міністраў Іспаніі выдаў пастанову, згодна з якой жыхарам забаронена выходзіць з дому без неабходнасці. Абмежаванні не закранулі тых, хто ідзе на працу, за прадуктамі і лекамі, у банкі або страхавыя кампаніі, альбо даглядае пажылых людзей, дзяцей, інвалідаў. У краіне таксама на час зачынілі навучальныя ўстановы, гатэлі, бары і рэстараны.

Паводле прэмʼера, Іспанія прыслухалася да парадаў міжнародных экспертаў і ўжыла стратэгію СААЗ, каб «выйграць час» і запаволіць распаўсюд хваробы.

Першы выпадак заражэння COVID-19 у краіне быў выяўлены ў канцы студзеня. У дадзены момант колькасць хворых у Іспаніі перавысіла 24,9 тысяч, ад ускладненняў, выкліканых вірусам, памерлі 1326 чалавек.

КА belsat.eu

Стужка навінаў