Праваабаронцу Марфу Рабкову пакінулі пад вартай, нягледзячы на 200 паручальніцтваў

Скарга аб змене меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да Марфы Рабковай, каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны», засталася без задавальнення. Такое рашэнне вынесла 14 снежня суддзя суда Партызанскага раёну Менску Кацярына Чайко. Судовае пасяджэнне праводзілася ў закрытым рэжыме.

Марфа Рабкова. Фота: Facebook

За вызваленне з-пад варты Марфы Рабковой было сабрана каля 200 паручальніцтваў. Аднак 12 лістапада судом было вынесена пастанова аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай Марфы. Скарга на гэтую пастанову і разглядалася 14 снежня. Рашэнне суда было адмоўным.

Марфа Рабкова з’яўляецца сяброўкай ПЦ «Вясна», каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі. У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа разам з валанцёрамі ПЦ «Вясна» прымала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары», удзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту.

Вядомага гісторыка затрымалі на ягоным дні народзінаў. Торцік з Пагоняй стаў «абцяжарвальнымі абставінамі»

Марфа была затрыманая 17 верасня 2020 года. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 293 КК РБ («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках»). Дзеўчына знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску.

Падтрымаць Марфу Рабкову лістамі салідарнасці можна па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030.

АВ, belsat.eu

Hавiны