«Працуем бясплатна, кормяць бутэрбродамі». Паказваем мітынг Святланы Ціханоўскай знутры


Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала на сцэне падчас мітынгу ў Баранавічах. 2 жніўня 2020 года.
Фота: Вот так

Кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святлану Ціханоўскую з гораду ў горад суправаджаюць каля 40 чалавек, на месцах сустрэч з выбарнікамі ім дапамагаюць некалькі дзясяткаў мясцовых валанцёраў. Павел Дабравольскі для Vot-tak.tv з’ездзіў на васьмітысячны агітацыйны мітынг у Баранавічы, каб даведацца тэхнічныя моманты яго арганізацыі.

«Мы працуем на голым альтруізме»

Баранавічы, 9 гадзін раніцы 2 жніўня. Каля двух дзясяткаў сяброў тэхнічнай каманды аб’яднанага штаба і мясцовых валанцёраў усталёўваюць сцэну, агароджваюць тэрыторыю вакол яе стужкай. Да агітацыйнага мітынгу Святланы Ціханоўскай застаецца адна гадзіна. Месца для сустрэчы з яе прыхільнікамі выдзелілі ў маладым парку – у цэнтры гораду, каля пешаходнага бульвару Штокерау.

Ахоўнік Святланы Ціханоўскай правярае, ці не з’явіліся ў аўтамабілі нейкія староннія прадметы пасля таго, як машына была спыненая і агледжаная супрацоўнікамі ДАІ і АМАПу. 2 жніўня 2020 года.
Фота: Вот так

Валанцёр Дзмітрый Малочка прыйшоў на просьбу знаёмых, калі даведаўся, што ўлады перад прыездам Ціханоўскай разабралі сцэну, якая прастаяла ў парку шмат гадоў. Ён займаецца будаўніцтвам і палічыў, што можа дапамагчы.

«Па дарозе сюды ўбачыў аўтазак. Сама наяўнасць гэтага “таксі” прадвесціць дурныя падзеі. У Маладзечне і Лідзе днямі затрымалі шэсць журналістаў. Мне здаецца, людзі ўжо не баяцца гэтых машын. Дзяўчына майго сына паклікала яго на гэты мітынг, тут шмат моладзі, а таксама людзей усіх узростаў», – пачынае суразмоўца.

У гэты час да яго падыходзіць каардынатар Андрэй і кажа, што зносіны з журналістам – справа патрэбная, але і пра абавязкі забываць нельга – ахоўваць перыметр за сцэнай.

Валанцёр раздае сьцяжкі перад мітынгам у Баранавічах.
Фота: Вот так

«Раней сюды толькі рэхам даходзілі падзеі ў Менску і з большага людзі былі мала інфармаваныя аб тым, што адбываецца ў палітыцы. Зараз ва ўсіх смартфоны, добры інтэрнэт. Бачу, што ў горадзе шмат незадаволеных, але, мне здаецца, ім усё роўна, які сцяг будзе вісець над гарвыканкамам – ім патрэбныя добрыя заробкі, чаго цяперашняя ўлада зрабіць не можа. Займаюся будаўніцтвам, і часта кліенты просяць каб расплачвацца за зробленую працу часткамі – няма грошай», — працягвае Дзмітрый.

У гэты час каля дзясятка такіх жа валанцёраў праходжваюцца ўздоўж нацягнутай за сцэнай стужкі. Іх задача не прапускаць мінакоў, бо тут знаходзіцца генератар, тэхніка. У абыход, да месцаў дагляду міліцыі, адпраўляюць нават бабуль, якія жадаюць скараціць дарогу. Для пажылых, дарэчы, усталявалі месцы для сядзення наўпрост перад сцэнай. Людзей усё больш і каардынатар Андрэй просіць дваіх валанцёраў перанесці да сцэны цяжкую паркавую лаўку.

Людзі стаяць з абразамі для таго, каб падарыць іх штабу. 02.08.2020, Баранавічы, Беларусь.
Фота: Вот так

Каардынатараў тут некалькі. Вікторыя ўваходзіла ў ініцыятыўную групу экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, але пасля адмовы ў яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты далучылася да штаба Ціханоўскай.

«Мы працуем на голым альтруізме. Ва ўсіх праца, і складана наведваць шмат мітынгаў. Асабіста я была на такіх у Менску і Лідзе, баранавіцкі – трэці», – кажа суразмоўца і ўцякае па справах на некалькі хвілін. У цэлым за сцэнай дастаткова шмат мітусні.

«Мая праца – сустракаць валанцёраў, даваць задачы. Яны павінныя дзяжурыць каля генератара, калонак, па перыметры, каб не было няшчасных выпадкаў. Яшчэ – накіроўваць людскія патокі, рассаджваць пажылых, калі камусьці стала дрэнна – перадаць яго брыгадзе хуткай дапамогі, якая тут дзяжурыць. Падтрымліваем сувязь і з міліцыяй на выпадак магчымых правакацыяў. Мы пазнаёміліся адразу як прыйшлі, непрыязнасці да нас не было», – дадае Вікторыя.

Марыя Калеснікава, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала вітаюць прысутных на мітынгу ў Берасці.
Фота: Вот так

У гэты час на сцэну падымаюцца двое вядучых. «Каб вас пачулі – трэба гаварыць. Сам факт, што вы прыйшлі ў гэты парк, кажа пра тое, што вы свой голас кажаце гучна. Нам няма чаго баяцца, няма чаго саромецца: мы за сумленныя выбары, і каб адпусцілі палітычных зняволеных. Не выкрыквайце лозунгі, якія могуць кагосьці абразіць, нікога не чапайце», – па чарзе кажуць яны.

Праз паўгадзіны пасля анансаванага пачатку на сцэну паднімаюцца Святлана Ціханоўская, жонка Валерыя Цапкалы Вераніка Цапкала і прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава. Некалькі дзясяткаў тых, хто прыйшоў, прарываюцца на агароджаную тэрыторыю да сцэны. Ахова праяўляе лаяльнасць некалькі хвілін, затым людзям даводзіцца адысці. Адзін іх ахоўнікаў груба адштурхвае мужчыну, той абураецца, але сыходзіць. Яны будуць яшчэ доўга скоса паглядаць адзін на другога.

Людзі, якія прыйшлі на мітынг у Баранавічах, вітаюць прадстаўнікоў аб’яднанага штаба.
Фота: Вот так

Каардынатары, валанцёры і ахоўнікі перыядычна падмацоўваюцца за сцэнай. Там знаходзіцца ежа і вада. У адзін з момантаў каардынатар Вікторыя падыходзіць і кажа, што «ежу трэба падзяліць – яна і на Берасце таксама», маючы на ўвазе наступны мітынг, куды каманда адправіцца адразу пасля заканчэння баранавіцкага.

«Большая частка фінансавання ідзе на арэнду сцэн, генератараў, абсталявання»

Вольга Кавалькова займаецца арганізацыяй агітацыйных мітынгаў у штабе Ціханоўскай. Яна наведала за час перадвыбарнай агітацыі 12 гарадоў, спіць па чатыры гадзіны і вельмі стамілася. Будучы сустаршынёй аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», яна адзіны палітык з вопытам з заўважаных на мітынгу ў Баранавічах.

Вольга Кавалькова падчас мітынгу ў Баранавічах. 2 жніўня 2020 года.
Фота: Вот так

Кажа, што ў гэтым горадзе каманда дзеля эканоміі падзялілася: Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава начавалі ў самым прэміяльным гатэлі «Марыінскі», у пару хвілінах хады ад месца сустрэчы з выбарнікамі. Астатняя каманда, уключаючы Вольгу, начавала ў гатэлі «Уют» («Утульнасць»), які знаходзіцца ў Баранавіцкім раёне, кіламетрах у васьмі адсюль. У гарадзенскім «Нёмане» яны жылі ўсе разам.

«Большая частка фінансавання ідзе на арэнду сцэн, генератараў, абсталявання. Здае прыватная Менская кампанія, праблем з уладамі праз супрацоўніцтва з намі не мае. У штаба тры камплекты, якія адпраўляюць у розныя гарады. Праз шчыльны графік паездак адну сцэну не паспявалі б дэмантаваць і прывезці да пачатку наступнага мітынгу«, – тлумачыць палітык.

Яна дадае, што ў паездку па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне каманда аб’яднанага штабу пашырылася да прыкладна 40 чалавек. Раней яны перасоўваліся картэжам, цяпер паасобна: побач едуць толькі мікрааўтобусы з трыа цэнтральных спікераў і аховай. У апошняй – людзі ад усіх трох штабоў. Кавалькова запэўнівае, што пяць чалавек Ціханоўскай – правераныя, знаёмыя з затрыманым Сяргеем Ціханоўскім, былі ў ініцыятыўнай групе, збіралі подпісы.

Прадстаўнікі штаба спыніліся на запраўцы каб перакусіць па дарозе з пікету ў Баранавічах на пікет у Берасці.
Фота: Вот так

«Галоўная праблема, з якой мы сутыкаемся, – нежаданне дамаўляцца з намі давераных асобаў Лукашэнкі. Яны забраніравалі самы зручны час правядзенне мітынгаў. Такім чынам сарваліся нашы мерапрыемствы ў Мазыры і Пінску. У Бабруйску мы правялі пікет у 21 гадзіну, але хацелі раней. У Баранавічах а 10 раніцы ў нядзелю – таксама не нашае жаданне, але нам сказалі, што павінны скончыць да 12 гадзін, калі нібыта будзе мітынг за Лукашэнку. Але гэтыя агітацыйныя мерапрыемствы за дзеючага прэзідэнта не праходзяць», – наракае Вольга.

«Ёсць і выключэнні. У Смаргоні і Берасці мясцовыя ўлады самі звязваліся са мной і зацвярджалі зручны для нас час», – удакладняе яна.

«Зарплаты сталі меншыя, чым пенсіі ў суседніх краінах»

Паводле падлікаў валанцёраў праваабарончага цэнтру «Вясна», на мітынгу ў Баранавічах сабралася 8 тысяч мясцовых жыхароў.

Ціханоўская паўтарыла, што першым яе крокам на пасадзе прэзідэнта стане вызваленне палітычных і эканамічных зняволеных. Яна таксама абяцае правесці на працягу паўгода новыя прэзідэнцкія выбары.

2 жніўня 2020 года. Людзі праводзяць Святлану Ціханоўскую пасля мітынгу ў Баранавічах.
Фота: Вот так

Цапкала нагадала, што 4 жніўня плануецца зварот Аляксандра Лукашэнкі да парламента і народа. Яна назвала гэта «пасланне чыноўнікам, якіх ён сам і прызначыў». «Хай лепш выйдзе на гэтую сцэну і раскажа, што ён зрабіў за гэтыя 26 гадоў, – звярнулася яна да Лукашэнкі. – Заробкі сталі меншыя, чым пенсіі ў суседніх краінах».

Пасля мітынгу ў Баранавічах аб’яднаны штаб сабраў 18 тысяч прыхільнікаў у Берасці.

Павел Дабравольскі для Vot-tak.tv/ІР

Стужка навінаў