Працаўнік Акрэсціна далучыўся да пратэсту супраць «рэстарана на костках»


Гісторыю 44-гадовага назіральніка ізалятара часовага ўтрымання апісала ў Facebook актывістка Ганна Шапуцька.

Днямі мужчына прыехаў у Курапаты падтрымаць абаронцаў Курапатаў.

Ганна Шапуцька распавядае, што яго клічуць Міхаіл Грамыка і ён ведае Леаніда Кулакова, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца. Грамыка працаваў на зменах у той час, калі там знаходзіліся затрыманыя актывісты, і нават дапамагаў з цыгарэтамі.

Паводле жанчыны, «Севярынец і стаў той кропляй, якая не дала сумленню працаўніка Акрэсціна выконваць працу назіральніка».

«Ён быў з намі. Дапамагаў супрацьстаяць правакатарам, стаў побач з намі ў абароне мемарыяла Курапаты ад вандалаў – рэстаратараў і Імперскай навалачы, якая ўчора лезла ў Курапаты пішчом».

Шапуцька прыгадала яшчэ адну жанчыну, 82-гадовую былую следчую, якая перадала ахвяраванні на затрыманых, і былога падпалкоўніка міліцыі. Мужчына нават вёў стрым з Курапатаў у сваім Facebook.

Толькі цягам папярэдніх двух дзён затрымалі адразу пяцёх пікетоўцаў. Пікетаванне ля рэстарану працягваецца ўжо больш за месяц. Актывісты атрымалі дзясяткі адміністратыўных пратаколаў, іх саджаюць «на содні». На Леаніда Кулакова тыдзень таму наехала аўта наведнікаў.

Рэстаран «Паедзем паядзім» дэ-юрэ размешчаны законна. Хаця паводле ахоўных зонаў, што існавалі да 2014 года, мяжа, дзе будаўніцтва забароненае, праходзіць роўна пасярэдзіне ўстановы. Генпракуратура і Мінкульт у 2012 годзе загадвалі вызваліць пляцоўку, але ў выніку чатыры гады таму ахоўныя зоны зменшылі ўдвая, акурат такім чынам, каб каля ўрочышча маглі паўстаць рэстарацыя і бізнес-цэнтр, будаўніцтва якога згарнулі пасля леташніх пратэстаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў