Праца ў самаізаляцыі. Як даюць рады дальнабойнікі?


У Заходняй Еўропе працягваюць працу кіроўцы велікагрузных аўтамабіляў, якіх называць дальнабойнікамі. Belsat.eu распытаў траіх кіроўцаў-гарадзенцаў, як яны працуюць пры закрытых межах.

Аўтапартрэт гарадзенца Змітра ў самаізаляцыі

Кіроўцы Змітру 44 гады. Ён працуе ў бельгійска-нідэрландскай транспартнай фірме, якая займаецца дастаўкамі буйнагабарытных грузаў. Да пачатку пандэміі Зміцер перавозіў трактары, легкавікі ды экскаватары. Прадукцыя машынабудаўнічай галіны – па-за спісам неабходнай, таму шматлікія еўрапейскія заводы зачыніліся на каранцін. Фірма-перавозчык згубіла замовы, прыпыніла працу, а працаўнікі сышлі ў адпачынак на неакрэслены час.

«Я палічыў, што каля 450 з 600 грузавікоў ужо стаяць на базе са знятымі нумарамі, каб не плаціць за іх падатак. Кіраўніцтва нам паведаміла, што вымушаны адпачынак працягнецца прыблізна 2-3 месяцы».

Фота кіроўцы фуры, гарадзенца Змітра

Такім чынам Зміцер развярнуўся дадому. З галоўнага офісу кампаніі ў Нідэрландах працаўнікоў перавезлі ў польскі філіял. На нямецка-польскай мяжы давялося запоўніць анкеты са звесткамі пра перасоўванні і стан здароўя. Ужо з Польшчы вяртаўся на Радзіму прыватным аўтам з калегаю пінчуком.

Правілы паводзінаў пад час самаізаляцыі

«Польскія памежнікі спраўдзілі дакументы, запыталіся адкуль едзем і прапусцілі. У беларускіх памежнікаў у пункце пропуску Берасце нам памералі тэмпературу, выдалі анкеты, падобныя на тыя, што на нямецкай мяжы. Папярэдзілі пра абавязак самаізалявацца і мы падпісаліся, што азнаёмленыя з правіламі самаізаляцыі. Улётку «Правілы паводзінаў грамадзянаў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі» далі з сабою».

Кватэру для адбывання каранціну Зміцер шукаў задоўга да выезду, каб пераседзець гэты час самому, без рызыкі для сям’і. Па засяленні – правілаў прытрымліваўся, але ж яго ніхто не пільнаваў.

«Медыкі мною не цікавіліся. Да мяне ніхто не тэлефанаваў і не браў аналізаў. З маіх калегаў, якія разам са мною вярталіся да хаты, ніводны не планаваў самаізалявацца! Усе ехалі да дому, да сваіх сем’яў! Што я магу на конт гэтага сказаць? Натуральныя дурні!»

Аўтапартрэт кіроўцы фуры, гарадзенца Уладзіслава

Іншая гісторыя ў 45-гадовага дальнабойніка Уладзіслава. Ужо тры месяцы ён калясіць па Еўропе на фуры, якая належыць польскай фірме. Замоваў на перавозку паменшала, але заробкі не змяніліся. Таму вяртацца на Радзіму пакуль не плануе:

«Чуў і пра самаізаляцыю, і пра каранцін на польскім баку, таму і не еду да дому. Згодна з дамоваю, адпачынак у мяне – 2 тыдні. Я прасяджу іх у каранціне і нават жонку не пабачу!»

Фота ўнутры фуры гарадзенца Уладзіслава, ягонае аўтарства

Мужчына лічыць, што самаізаляцыя – важны сродак у барацьбе з пандэміяй, але не ва ўсіх ёсць магчымасць самаізалявацца:

«Дзяржава павінная дапамагаць такім людзям! Ёсць вялікая колькасць санаторыяў, дамоў адпачынку, дзіцячых лагераў, большасць з якіх пустуюць. Іх можна было б часова перапрафіляваць пад гэтыя мэты. Але ніхто гэтага рабіць не будзе. Няма грошай – адзіны адказ!»

Фота кіроўцы фуры, гарадзенца Алега

Трэцяму суразмоўцы «Белсату», Алегу, 48 гадоў. Працуе на літоўскую транспартную фірму. Паміж краінамі Еўразвязу перавозіць тавары розных тыпаў: ад макулатуры і пластыкавых адкідаў да харчовых прадуктаў і пітной вады. Працоўная кадэнцыя доўжыцца ўжо 2,5 месяцы. Працы з такога тыпу грузамі, запатрабаванымі і ў часе эпідэміі, хапае.

«Так, некаторыя прадпрыемствы зачыняюцца, нібыта плынь грузаперавозак спала, але я не заўважыў, каб працы зрабілася менш. А вось заробкі сапраўды ўрэзалі. Напрыклад, «сутачныя» – мінус 5 еўра. На некаторых іншых фірмах – урэзалі і на 20 еўра».

Пітная вада. Фота кіроўцы фуры, гарадзенца Алега

Алег лічыць, што кіроўцы фураў, як гэта не дзіўна, знаходзяцца ў бяспечнай групе, з малою рызыкаю заразіцца.

«Мы сядзім у добраахвотна-прымусовай самаізаляцыі. Большую частку часу праводзім у кабінах. Калі раней, напрыклад, можна было зняць пакой у гатэлі, то цяпер спім заўсёды ў сваіх аўтамабілях. Адно з адным кантактуем эпізадычна. Ездзім выключна па індустрыйных зонах. Пад час загрузак-разгрузак не маем зносінаў з рабочымі і грузчыкамі. Працэс жа падоўжыўся, бо персанал трымае паміж сабой дыстанцыю. Адзіны, тэарэтычна небяспечны кантакт, – гэта калі табе перадаюць таварна-транспартныя накладныя. Але і тут: усе ў масках і пальчатках».

Алег не ведае, калі будзе паедзе да дому, але калі гэта адбудзецца не пасля, а яшчэ пад час эпідэміі – абавязкова ізалюе сябе па вяртанні:

«Мне не прывыкаць – жыць у адзіноце. Адпраўлюся на два тыдні на вёску. Я жыву са сталаю маці, таму я пераймаюся за яе здароў’е. Я лічу, што кожны адэкватны чалавек, у маім выпадку, павінен гэтак зрабіць!»

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Стужка навінаў