Пракуратура Берасця прызнала незаконнай высылку чачэнца, які прасіў у Беларусі статус уцекача


26 верасня праваабарончая арганізацыя Human Constanta атрымала адказ ад пракуратуры Берасця, у якім адзначаецца, што высылка з краіны грамадзяніна Чачэніі Імрана Саламава была ажыццёўлена ў парушэнне ўстаноўленага законам тэрміну і паведамляецца аб дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні ды супрацоўнікаў мясцовага аддзелу па грамадзянстве і міграцыі (АГіМ).

40-гадовага Імрана затрымалі ў Берасці яшчэ вясною. Аддзел па грамадзянстве і міграцыі

Ленінскага раёну прыняў рашэнне аб яго ўтрыманні пад вартай і далейшай высылцы ў

прымусовым парадку.

Саламаў звярнуўся з хадайніцтвам аб прадстаўленні яму статусу ўцекача ў Беларусі. Ён заявіў, што ў Чачэніі неаднаразова цярпеў катаванні, таму быў вымушаны зʼехаць адтуль, баючыся за свае жыццё. На час разгляду хадайніцтва высылка была прыпыненая, а Імрана трымалі ў ізалятары. Акрамя таго, ён абскардзіў рашэнне беларускіх уладаў аб прымусовай высылцы.

16 жніўня суд Ленінскага раёну Берасця адмовіў Імрану ў гэтай скарзе. Такое рашэнне суду Імрана праз адваката абскардзіў у прадугледжаны законам 10-дзённы тэрмін.

23 жніўня Беларусь адмовіла чачэнцу ў прадстаўленні статусу ўцекача. Пасля гэтага ў Імрана былі яшчэ 15 дзён, каб абскардзіць адмову – тэрмін скончваўся 7 верасня.Але 6 верасня, калі адвакатка Саламава прыйшла ў ІЧУ, каб перадаць падрыхтаваную скаргу, высветлілася, што ён быў высланы ў Грозны напярэдадні, 5 верасня.

Праваабаронцы з місіі Human Constanta адразу ж аспрэчылі інцыдэнт у пракуратуры Берасця.

Акрамя прызнанння высылкі незаконнай, пракуратура распачала справу аб дысцыплінарным парушэнні ў дачыненні да інспектара АГіМ Аскірка С.А., начальніка АГіМ Пратасевіча А.М. І намесніка начальніка УУС Адміністрацыі Ленінскага раёну Берасця Самасюка Н.Г.

Эксперт у галіне абароны правоў чалавека Эніра Браніцкая пракаментавала сітуацыю наступным чынам:

Эніра Браніцкая

«З пункту гледжання закона мы задаволены тым, што пракуратура правяла праверку і парушэнне было выяўлена і прызнана, але з чалавечай і праваабарончай пазіцыі – фармальная памылка можа стаць крытычнай у жыцці асобы. Канешне, у нас застаюцца пытанні датычна наўмыснасці гэтай памылкі, аднак выправіць яе ўжо немагчыма – Імрана не вярнуць. У дадзеным выпадку мы ўбачылі слабасць прававых механізмаў абароны замежных грамадзян у Беларусі. Важна, каб такі выпадак быў апошнім»

Як паведаміла адвакатка Саламава, яго даставілі ў Грозны. Адзіны раз ён сустрэўся са сваякамі 11 верасня.

З таго чага ніхто не ведае пра ягонае месцазнаходжанне, адваката да яго не пускаюць. Amnesty International

запусціла міжнародную кампанію ў падтрымку Саламава, да якой далучыліся і беларускія праваабаронцы.

***

Прымусовая высылка Саламава ў Чачэнію – не першы падобны выпадак. У чэрвені беларуская міліцыя спачатку затрымала і змясціла ў ізалятар у Добрушы чачэнскага спартоўца Мурада Амрыева, а пасля перадала яго сілавікам Кадырава. У верасні ў аэрапорце «Менск» была затрыманая 21-гадовая ўцякачка з Чачэніі Луіза Дудуркаева. Дзяўчыну выдалі ў Грозны, нягледзячы на тое, што яна мела візу і накіроўвалася ў Фінляндыю. Усе яны неаднаразова заяўлялі пра пагрозу зняволення або смерці на радзіме.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў