У Беларусі 301 медык інфікаваны каронавірусам. Прадстаўніцтва САЗ і Мінздароўя далі сумесны брыфінг


Сусветная арганізацыя здароўя скончыла місію ў Беларусі і дае брыфінг па выніках працы.

На брыфінгу Сусветнай арганізацыі здароўя ў Менску прысутнічае міністр аховы здароўя Беларусі. Уладзімір Каранік паведаміў, што ў краіне 301 медык інфікаваны на COVID-19.

Кіраўнік місіі САЗ у Беларусі Патрык О’Конар на пытанне ОНТ пра тое, ці Мінздароўя Беларусі не спрабавала прыхаваць або згладзіць нейкія факты, заявіў, што асаблівую ўвагу падчас працы ў Беларусі ён надаваў якасці звестак.

«Збор дадзеных ідзе часам са спазненнем, але нам паказалі абсалютна ўсе звесткі, якія былі даступныя па тых выпадках, якія былі пацверджаныя і па якіх было праведзенае эпідэміялагічнае даследаванне», – сказаў О’Конар.

«За тыя некалькі дзён, што мы былі ў краіне, колькасць выпадкаў [інфікавання. – Belsat.eu] вырасла ўдвая. Гэта паказвае, што распаўсюд ідзе і, агулам, адлюстроўвае рэальнасць у краіне», – дадаў Патрык О’Конар.

На пытанне пра тое, ці Міністэрства аховы здароўя лічыць, што варта адмяніць чэмпіянат Беларусі па футболе, Уладзімір Каранік заявіў, што гэтае пытанне вырашае не ягонае міністэрства, а Міністэрства спорту.

Пад «вентылятарамі» – 44 хворых на каронавірус

Уладзімір Каранік заявіў, што ў Беларусі больш за 3500 адзінак наркозна-дыхальнага абсталявання, якое можа выкарыстоўвацца для правядзення штучнай вентыляцыі лёгкіх.

«На сёння ў пацыентаў з лабараторна пацверджаным дыягназам каронавіруснай інфекцыі штучная вентыляцыя лёгкіх ужываецца ў дачыненні да 44 чалавек», – сказаў міністр.

Паводле чыноўніка, агулам у краіне пад апаратамі ШВЛ ляжыць 111 чалавек.

«ШВЛ выкарыстоўваецца і ў пасляаперацыйным перыядзе, і ў пацыентаў з цяжкай сардэчнай паталогіяй і ў пацыентаў, неабходнасць вентыляцыі лёгкіх у якіх не звязаная з інфекцыяй», – удакладніў Каранік.

Больш за 3500 кантактаў першага ўзроўню

«З пачатку эпідэміі беларускія аптэкі прадалі больш за 12 млн масак, – заявіў Уладзімір Каранік. Толькі за першыя дзесяць дзён лютага было прададзена каля 2 млн масак».

Для параўнання міністр прыгадаў, што падчас эпідэміі свінога грыпу ў 2009 годзе за чатыры месяцы аптэкі прадалі 750 тысячаў масак.

Паводле Уладзіміра Караніка, па стане на 10 красавіка ў Беларусі пад хатнім кантролем знаходзяцца каля 3500 кантактаў першага ўзроўню, пад назіраннем у шпіталях – 124 такіх кантактаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў