Прадстаўнік місіі САЗ: з распаўсюдам каронавіруса прыйдзецца змагацца яшчэ 12-18 месяцаў


Прадстаўнікі місіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 10 красавіка наведалі Віцебскую вобласць і правялі сустрэчу са старшынём Віцебскага аблвыканкаму Мікалаем Шарстнёвым. Пра гэта піша мясцовае выданне «Віцьбічы».

Працаўнік Еўрапейскага бюро САЗ Патрык О’Конар, каментуючы поспехі Кітая ў барацьбе з каронавірусам, перасцярог ад заўчаснага паслаблення каранцінных мераў і заклікаў быць асцярожным.

«Мы лічым, што і на глабальным узроўні, і на ўзроўні асобных краінаў урадам трэба быць гатовымі да таго, што з распаўсюджваннем віруса, магчыма, прыйдзецца яшчэ змагацца на працягу 12-18 месяцаў. Цалкам магчыма, што за гэты час будуць атрыманыя эфектыўныя вакцыны, але трэба няспынна клапаціцца аб тым, каб не адчувалі перагрузку сістэмы аховы здароўя, дзейнічалі ўсе іншыя барʼерныя меры. З некаторых краінаў Азіі паступаюць паведамленні аб магчымай другой хвалі інфекцыі. Таму захоўваючы аптымізм, трэба захоўваць і насцярожанасць. Гэта не забег на кароткую дыстанцыю. Гэта доўгі марафон», – падкрэсліў ён.

Як паведамляюць Віцебскія весткі, старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў распавёў, што першыя хворыя на каронавірус у рэгіёне былі выяўленыя ў лютым, калі група спецыялістаў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці прыехала з Італіі, дзе знаходзілася на выставе.

Нагадаем, што пра першыя выпадкі інфікавання каронавірусам на Віцебшчыне Міністэрства аховы здароўя афіцыйна паведаміла напачатку сакавіка. На дадзены момант у Віцебская вобласць на другім месцы пасля Менску па колькасці інфікаваных COVID-19. Па стане на 9 красавіка ў рэгіёне было больш за ўсё смяротных выпадкаў – 7.

Hавiны
У Беларусі амаль 2000 выпадкаў каронавіруса. Памерлі 19 чалавек
2020.04.10 12:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў