Прачнуцца ў Каталунні. Незалежнікі святкуюць перамогу рэферэндуму. СТРЫМ


Каця Андрэева з Барселоны, дзе сёння адбываецца мітынг супраць паліцэйскага гвалту. Глядзіце наш стрым, каментуйце і дзяліцеся ім з сябрамі!

Opublikowany przez Белсат TV Poniedziałek, 2 października 2017

Наведнік кавярні ў раёне Эшампле дэманструе відэа са збіцця людзей на адным з выбарчых участкаў. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

На наступны дзень пасля гістарычнага рэферэндуму аб незалежнасці, жыхары адразу некалькіх гарадоў Каталунні збіраюцца на мітынг супраць паліцэйскага гвалту.

Напярэдадні больш за 2 мільёны прагаласавалі, з іх – 90 % аддалі галасы за незалежнась Каталунні.

Галасаванне адбывалася ў складаных умовах. З ночы людзі зачынілся на ўчастках, а раніцай паліцыянты з цывільнай гвардыі спрабавалі сілай вынесці ўрны. Сілавікі стралялі гумовымі кулямі. У выніку, паводле звестак медыкаў, пацярпела каля 900 чалавек, ёсць цяжка параненыя і выпадкі інфарктаў.

Чалец выбарчай камісіі і выбарца на адным з участкаў. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2017 года. Фота – Кацярына Андрэева

6 суддзяў і Генеральная пракуратура Іспаніі распачалі справу супраць каталунскай паліцыі Mossos dEsquadra, структуру абвінавачваюць у «бяздзеянні». На выбарчым участку, дзе мы прысутнічалі, Mossos не прадпрымалі ніякіх гвалтоўных дзеянняў, не пад запіс казалі: «Спадзяемся, яны не прыйдуць», маючы на ўвазе цывільную гвардыю.

Відавочцы сведчаць: у найбольш напружаныя моманты 1 кастрычніка Mossos абаранялі натоўп ад іспанскай паліцыі.

Агулам у Каталунні дзейнічала больш за 5 тысяч выбарчых участкаў, паліцыі ўдалося зачыніць толькі 400. Як паведамілі карэспандэнтам belsat.eu мясцовыя жыхары, былі яшчэ і школы, якія не дазволілі адчыніць на сваёй тэрыторыі ўчастак. Гэта тычылася школаў, што належаць царкве.

Удзельнік галасавання з гваздікай – сімвалам мірнага пратэсту. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2017 года. Фота – Кацярына Андрэева

За рэферэндумам сачылі міжнародныя назіральнікі з Італіі, Вялікабрытаніі, Славакіі, Нямеччыны і інш. Пры гэтым, частка з іх яшчэ да заканчэння галасавання абвясцілі ў СМІ, што прыехалі на «нелегітымны» рэферэндум, але цягам дня змянілі сваю пазіцыю.

«Дэмакратыя – Error 404» на транспаранце ўва удзельнікаў паслявыбарчага сходу на Пласа-дэ-Каталуння. 1 кастрычніка 2017 года. Барсэлона, Іспанія. Фота – Дзяніс Дзюба

У склад камісіі ўвахозілі валанцёры, звычайныя жыхары раёну, за ўрнамі і бюлетэнямі таксама сачылі яны. На выбарчым частку, дзе мы пабывалі, людзі займалі чаргу з 5-й гадзіны раніцы, чарга ж расцягнулася на цэлы квартал. Уваход на ўчастак быў па пашпарце, дадзеныя кожнага фіксаваліся і на рукі выдавалі адзін бюлетэнь.

Дэманстранты сядзяць на Пласа-дэ-Каталуння пасля закрыцця выбарчых участкаў. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Тым часам афіцыйны Мадрыд заявіў, што «ніякага рэферэндуму самавызначэння ў Каталунні не адбылося», а падзеі 1 кастрычніка назваў «здзекам з дэмакратыі» і «пастановачнай акцыяй».

«Урад Іспаніі – зрэлая і развітая дэмакратыя, але таксама цвёрдая і рашучая. Гэта дазваляе нам быць прававой дзяржавай з усімі гарантыямі. Мая найважнейшая місія – выкананне закону», – заявіў прэм’ер-міністр Марыяна Рахой.

Пакуль што далейшая стратэгія Мадрыду невядомая. Праз 2 дні ўрад Каталунні пачне працэдуру аддзялення ад Іспаніі. Пра гэта заявіў старшыня ўраду Карлес Пуічдэмон адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання.

Удзельнік дэманстрацыі на Пласа-дэ-Каталуння пасля закрыцця выбарчых участкаў. Барсэлона, Іспанія. 1 кастрычніка 2017 года. Фота – Дзяніс Дзюба

Ноччу ў цэнтры Барселоны на ўрачысты мітынг сабраліся тысячы людзей. Яны праспявалі гімн Каталунні, трымаючы ў руках сцягі, плакаты з надпісам «Так!», «Прывітанне, рэспубліка!» і чырвоныя гваздзікі – яны сталі сімвалам рэферэндуму-2017. Горад пачынае святкаваць перамогу незалежнікаў. Адзін з мітынгоўцаў падзяліўся з журналістамі belsat.eu эмоцыямі:

«Цяжка стрымаць слёзы. Сапраўды, я вельмі цешуся, мы нарэшце змаглі выказаць сваю волю, але і сумую, што столькі чалавек пацярпела. Заўтра мы прачнемся ў новай краіне. Безумоўна, мы перамаглі».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў