Польскі пісьменнік напісаў кнігу пра сучасную Беларусь


Польскі пісьменнік Артур Зыгмунтовіч паездзіў па Беларусі на ровары і напісаў кнігу рэпартажаў пад назвай «Беларусь. Імперыя кантрастаў». Кніжка выйшла ў польскім выдавецтве «Bernardinum», а «Белсат» стаў інфармацыйным партнёрам.

«Выдавец напісаў на вокладцы кнігі, што яе цяжка аднесці да нейкага канкрэтнага жанру, бо яна ў асноўным рэпартажная, але ў ёй вы таксама можаце знайсці элементы турыстычнага дапаможніка. Я не хацеў пісаць турыстычны дапаможнік: там, дзе я апісваю месцы для наведвання, я канцэнтруюся больш на асацыяцыі, якія яны могуць выклікаць у сярэдне падрыхтаванага турыста», – кажа Артур Зыгмунтовіч.

Аўтар намагаецца распавесці чытачу пра тое, якая яна ўсё ж такі гэтая Беларусь? Што гэта за дзіўны край, пра які так мала ведаюць нават суседнія краіны.

«Што ведае пра Беларусь звычайны паляк? Калі ён не глядзіць «Белсат», то ведае не так шмат, у асноўным толькі тое, што краінай ужо каторы тэрмін кіруе Аляксандр Лукашэнка», – напісана ў апісанні кніжкі.

Зыгмунтовіч сцвярджае, што падарожжа на Карыбы людзі будуць узгадваць паўгода, а вось паездка ў Беларусь запомніцца на цэлае жыццё.

Артур Зыгмунтовіч – польскі пісьменнік, нарадзіўся ў 1972 годзе, у 2016 годзе выдаў сваю першую кнігу «Зямля з чалавечым тварам» – зборнік рэпартажаў па ўсходняму памежжу Польшчы. Годам пазней у яго выйшла другая кніга «Мячыкі ў руках жанглёраў», якая распавядае пра закуліссе фармацэўтычных кампаніяў.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары