Польская амбасада працягне выдаваць візы. Літоўская – пакуль не вядома


Літоўская амбасада не будзе прымаць дакументаў ад грамадзянаў Беларусі сёння і заўтра. Атрымаць візу ў Польшчу можна будзе нягледзячы на скарачэнне супрацоўнікаў амбасады Польшчы ў Менску.

Літоўская амбасада не будзе прымаць дакументаў ад грамадзян Беларусі сёння і заўтра. Як распавёў супрацоўнік установы ў каментары «Белсату», пакуль не вядома, як амбасада працуе на наступным тыдні, усё стане ясна ў панядзелак: «Пакуль спадар Андрус Пулокас не вярнуўся з кансультацыяў, мы не бярэмся нічога планаваць».

Супрацоўнік амбасады Польшчы ў Менску паведаміў «Белсату», што нават, калі амбасадар Артур Міхальскі будзе вымушаны з’ехаць з Беларусі, частка супрацоўнікаў амбасады застанецца, і ўсе, хто ўжо падаў ці яшчэ падасць дакументы на візу, атрымаюць свае пашпарты назад паводле працэдуры: «Мы будзем працаваць столькі, колькі будзе мажліва».

Як працуюць візавыя цэнтры?

Цяпер візавы цэнтр у Менску выдае візы тым, хто падаваў дакументы раней.

Карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў з тымі, хто паспеў атрымаць візу нягледзячы на дыпламатычны канфлікт. Алена атрымала візу і распавяла, што вельмі спужалася, калі пачула, што амбасадара Літвы адклікалі з Беларусі: «Я падавалася на працоўную візу, мушу часта ездзіць у Вільню. Мая калега падавалася пазней, і яна пакуль не ведае рашэння аб сваёй заяўцы. У нас цяпер увесь калектыў у такім лёгкім стрэсе».

Чарга ў візавым цэнтры ў Менску, 8 кастрычніка 2020 г.
Фота: «Белсат»

Паводле інфармацыі сайту vfsglobal.com, візавыя цэнтры Польшчы ў Менску, Гомлі, Берасці, Горадні, Лідзе, Баранавічы і Пінску прымаюць дакументы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на візы ў Польшчу дзеля ўсіх мэтаў. Там жа паведамляецца, што будуць дадатковыя месцы на падачу дакументаў 14, 20, 28 кастрычніка 2020 года.

У менскім цэнтры наведніца Вольга распавяла, што са сваёй картай паляка ў яе не ўзнікла праблемаў з падачай.

Дар’я едзе ў Польшчу на стажаванне: «У мне не было праблемаў з візай. Запісалася онлайн і гэтак сама падала дакументы, потым у прызначаны час прыйшла іх забіраць, а сябар ужо два месяцы не можа атрымаць турыстычную візу».

Беларускі МЗС справакаваў візавы крызіс

На мінулым тыдні беларускі бок запатрабаваў, каб Польшча скараціла колькасць дыпламатаў у Беларусі з 50 да 18 асобаў, а Літва – з 25 да 14. МЗС Беларусі называе палітыку Варшавы і Вільні «дэструктыўнай у бягучай сітуацыі».

Першапачаткова Вільня і Варшава абвясцілі аб сумесных дзеяннях у пытанні дыпламатычнага канфлікту з Менскам. Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што не мае намеру нават абмяркоўваць з беларускім бокам пытанне скарачэння колькасці персаналу. У рэшце рэшт, Варшава вырашыла задаволіць патрабаванні беларускага Міністэрства замежных спраў.

Абноўлена
32 польскія дыпламаты пакідаюць Беларусь, пачаліся праблемы з атрыманнем візаў
2020.10.08 11:01

Паводле інфармацыі Gazeta Wyborcza, польскае Міністэрства замежных спраў не мае намеру прымаць якія-небудзь меры супраць беларускіх дыпламатаў, якія працуюць у Польшчы.

На знак салідарнасці з дыпламатычнымі місіямі Польшчы і Літвы з Беларусі былі адкліканыя для кансультацыяў амбасадары Нямеччыны, Латвіі, Эстоніі, Славакіі і Чэхіі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў