Першая прэсавая канферэнцыя Святланы Ціханоўскай у Вільні. ВІДЭА


Сёння, 21 жніўня Святлана Ціханоўская ў Вільні праводзіць вялікую прэсавую канферэнцыю. Гэта яе першая вялікая сустрэча з журналістамі пасля выезду з Беларусі.

Святлана Ціханоўская адказала на пытанне наконт забастовак ды пратэстнага руху сярод працоўных: «Мы заклікаем усе тыя фабрыкі, на якіх абʼяўлены страйк, вызначыць стачкамітэты, з якімі будзе камунікаваць нашая Каардынацыйная Рада».

Таксама Ціханоўская падкрэсліла, што хоча вярнуцца ў Беларусь і адчуваць сябе там у бяспецы.

«Народ Беларусі ўжо ніколі не зможа прыняць цяперашняе кіраўніцтва. Не зможа дараваць і забыць увесь той гвалт, які людзі перажылі падчас мірных дэманстрацыяў», – заявіла Ціханоўская ў часе прэс-канферэнцыі ў Вільні.

Святлана Ціханоўская распавяла, што з боку Масквы спробаў звязацца з ёю не было. Таксама ў Святланы Ціханоўскай запыталі, ці будзе яна балатавацца ў выпадку новых выбараў. Яна адказала: «Мне здаецца, заўчасна адказваць на гэтае пытанне».

«Я падтрымліваю ўсіх пратэстоўцаў і мы падтрымліваем усе мірныя шляхі адстойвання сваіх правоў. Я вельмі спадзяюся і веру ў тое, што кіраўніцтва пачуе свой народ. Нам заўсёды казалі, што прэзідэнт любіць сваю краіну, свой народ, і тое, што ён бачыць зараз, ясна дае яму зразумець, што людзі хочуць пераменаў. І я спадзяюся, што здаровы сэнс пераможа, народ будзе пачуты і яны выйдуць на дыялог і адбудуцца тыя самыя празрыстыя выбары», – заявіла Ціханоўская ў часе прэс-канферэнцыі ў Вільні.

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары на якіх, паводле ЦВК, Ціханоўская атрымала 10,12 % галасоў выбарцаў. Вынікі выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю, у прыватнасці Еўрапейскім звязам і ЗША.

belsat.eu

Стужка навінаў