Першая партыя беларускіх патронаў прададзеная адной з краінаў Еўропы

Першая экспартная партыя беларускіх патронаў – больш за 5 мільёнаў штук – пастаўлена заказчыку. Пра гэта ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня» распавёў гендырэктар «Белспецзнештэхніка» Аляксей Скрага.

Патронную вытворчасць у Аршанскім раёне пачалі ствараць каля двух гадоў таму па загадзе Аляксандра Лукашэнкі. Будаўніцтва абʼекта пакуль працягваецца, дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка» рэалізуе праект праз сваю даччыную структуру – ТАА «БСВТ – новыя тэхналогіі». Цяпер на прадпрыемстве працуюць 150 чалавек, але колькасць працоўных месцаў будзе расці.

«Стварэнне патроннай вытворчасці – гэта перш за ўсё забеспячэнне ваеннай бяспекі дзяржавы. Уявіце, што будзе, калі, скажам, заўтра ў краіне не застанецца боепрыпасаў, а прадаць іх нам ніхто не захоча?» – адзначыў у інтэрвʼю Скрага.

https://belsat.eu/news/zas-pavedamiu-shto-u-belarusi-vydatki-na-abaronu-vyrastuts-da-1-5-ad-vup/

Беларускія патроны таксама пойдуць на экспарт. Скрага паведаміў, што першая экспартная партыя ўжо пастаўлена заказчыку.

«Магу адназначна сказаць, што пастаўляцца патроны будуць у строгай адпаведнасці з міжнароднымі нормамі абароту прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння, да якіх далучылася краіна. Дарэчы, першая партыя – больш за пяць мільёнаў штук – сышла ў адну з еўрапейскіх краінаў», – адзначыў ён.

Гаворка ідзе пра пастаўку патронаў для паляўнічай і спартовай зброі:

«Гэта спартова-паляўнічыя боепрыпасы калібраў 7,62х54, 7,62х39 і 9х19. Пакупнік задаволены. Чакае адпраўкі чарговая вялікая партыя. Скажу больш: практычна кожны тыдзень да нас прыязджаюць замежныя дэлегацыі, глядзяць нашы патроны, і шмат хто заказвае іх. Не стану раскрываць падрабязнасці, але заказы ўжо ёсць на гады наперад. Лінейку гэтых вырабаў будзем пашыраць пад заказчыка, такая магчымасць маецца».

На дадзены момант на аршанскім заводзе сертыфікавана вытворчасць спартова-паляўнічых патронаў і «практычна завершана» гэтая працэдура ў дачыненні баявых патронаў.

«З поўнай упэўненасцю магу сцвярджаць, што ў краіне ўласная патронная вытворчасць ужо ёсць», – адзначыў Скрага.

Ён дадаў, што Беларусь зможа цалкам закрыць уласныя патрэбы ў патронах усіх відаў – для спартовай, паляўнічай і баявой зброі. Плануецца таксама пашыраць геаграфію замежных паставак.

Скарга адзначыў, што камплектуючыя да патронаў закупляюцца ў Расеі па сусветных цэнах, аднак беларускі бок ужо задумаўся аб імпартазамяшчэнні.

«У планах – у бліжэйшай перспектыве адкрыць вытворчасць нітрацэлюлозы. Вывучаем мэтазгоднасць будаўніцтва парахавога заводу», – распавёў ён.

https://belsat.eu/news/belarus-uvahodzits-u-20-ku-susvetnyh-ekspartsyorau-zbroi/

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны