«Ператэлефануй мне, я на мітынгу». Чаму ў армянаў усё ж такі атрымалася


Ерэванцы пратэстуюць ужо 14 дзень

Рэвалюцыя ў Арменіі перайшла на другі ўзровень і вось-вось завершыцца. Нават цяпер, гэта ўжо не зусім рэвалюцыя. Такі сабе палітычны карнавал ці гэпэнінг онлайн. Пасля эмацыйнай эйфарыі і святкаванняў, калі на вуліцы Ерэвану выйшлі б здавалася ўсе, лідары пратэстаў, у прыватнасці Нікол Пашыньян абвесцілі «рэстарт экшэну».

Гэта даслоўная цытата адносна будучыні аксамітавай рэвалюцыі ў Арменіі. Яна канчаткова завершыцца, калі юрыдычна аформіцца транзіт улады ад кіроўнай партыі да апазіцыі.

Чаму цяпер?

Першае пытанне, якое мы задаем усім экспертам у Ерэване: вы чакалі, што гэтым разам нешта атрымаецца? Адказ – не. Прынамсі пераважная большасць стала аптымістамі толькі ў апошнія дні, калі Серж Саргсьян сам паставіў крыж на сваёй палітычнай будучыні. Калі выйсці па-за паліталагічныя тэрміны, то адказ на пытанне чаму атрымалася цяпер, будзе нават не просты, а банальны, людзі паверылі ў сябе. Дарэчы пра тое, што ніхто не ўспрымаў усур’ёз апошнія пратэсты ў Ерэване, кажа хаця б тое, што ўсе сусветныя медыі (ад Associated Press да RT) прыехалі ў Ерэван, калі армяне ўжо выйшлі святкаваць перамогу.

Бухгалтар Армандо Кракоўскі, якога мы сустракаем на плошчы Рэспублікі кажа: прыходжу ўжо шосты дзень і буду прыходзіць надалей. Яго гісторыя вельмі падобная на дзясяткі іншых. У нейкі момант ён далучыўся да акцыяў апазіцыі і вырашыў для сябе: змены ў краіне павінныя адбыцца.

Я так змог, ты зможаш

Усё адбылося сапраўды вельмі хутка, літаральна цягам красавіка. Серж Саргсьян, які ў 2014 годзе публічна заявіў, што не мае намер заставацца ва ўладзе і ісці на пасаду прэмʼера, «нечакана» змяніў свае папярэднія рашэнне (вядома праз змену вонкавых фактараў) і пайшоў на новы тэрмін, гэтым разам ужо на прэмʼера. Пры гэтым ён убраў фактычна любыя абмежаванні для сябе, калі казаць пра тэрміны і кадэнцыі, а ў якасці звышзадачы паставіў – не многа не мала – развязанне Карабахскай праблемы. Па сціплых падліках самога Саргсьяна на гэта спатрэбілася б бліжэйшыя 50 год. То бок да 2068-га прэмʼер бы вырашаў праблему, пры гэтым абсалютна не парушаючы Канстытуцыі.

Людзі раздаюць улёткі ў Ерэване. З даху аўтамабіля здымае аператар Белсату Аляксандр Баразенка

У адказ на гэта ўзнік спачатку рух «Адкінь Сержа» і паралельна, разам з гэтым Нікол Пашыньян распачаў рух «Зрабі крок». На знак пратэсту супраць прэмʼерства Саргсьяна Пашыньян едзе ў Гюмры (другі па велічыні горад у Арменіі) і пешшу крочыць 200 кіламетраў у бок сталіцы. Ягонае пасланне вельмі простае: калі я змог – вы зможаце таксама. Гэтыя дзве кампаніі ў нейкі момант абʼядналіся ў адну: Зрабі крок – Адкінь Сержа. І гэта спрацавала.

Монтэ Мелконян

Да слова, гэта адказ на пытанне, чаму Пашыньян, які не носіць бараду ў нармальным жыцці, цяпер выглядае як камандантэ. Не паспеў яшчэ пагаліцца з часоў паходу з Гюмры. І дарэчы, Пашыньян сапраўды за час пратэстаў стаў з віду вельмі падобны на героя Карабахскай вайны, якога ведаюць тут усе. Параўнайце са здымкам Монтэ Мелконяна. Натуральна бінт Пашынян мог бы і зняць. Але навошта, сапраўды.

Натуральна гэта вельмі простая карцінка, але ў першым прыбліжэнні так і было. Пратэст атрымаўся не столькі супраць карумпаванай улады (ну чаго уж там, усім у Арменіі вядома пра ўладу ўсё). Проста адна справа карупцыя, падманы пад час выбараў, а іншая справа татальнае нахабства, кажа ў размове з Белсатам Сцяпан Грыгарян, дырэктар аналітычнага Цэнтру глабалізацыі і рэгіянальнай кааперацыі. У размове слова «давялі» ён паўтарае ледзь не з дзясятак разоў. Дарэчы, ён былы амбасадар і былы супрацоўнік МЗС Арменіі ў часе пратэстаў быў затрыманы двойчы. На пытанне чаго чакаюць армяне ад новай улады адказвае коратка: паляпшэнне сацыяльнага становішча. Што да глабальнай шахматнай дошкі –

трэба працаваць з усімі: Расеяй, ЕЗ, ЗША, Іранам.

Зноўку новыя медыі?

Сапраўды так. Самі армяне называюць гэтую рэвалюцыю такім усеагульным стрымам ці рэвалюцыяй live. Усё здымаецца онлайн, адразу выкладаецца ў сацыяльныя сеткі, нават хуткасці інтэрнэту на ўсіх не хапае. Пратэст атрымаўся і дэцэнтралізаваны, за кошт сацыяльных сетак перадусім, і адначасова на чале з харызматычным лідарам, якога прызнала і палюбіла вуліца. І гэтай усеагульнай любові і падтрымання не было яшчэ тыдзень таму, але калі сышоў Серж усё змянілася. Сапраўды, уражвае да слёз, калі на акцыі 10 гадовы дзяцёнак крычыць разам з бацькамі: Ніко-Ніко!

Ці маглі ўлады падавіць пратэсты? Безумоўна. Яшчэ на самым пачатку пратэставай актыўнасці прэмʼер Саргсьян падміргваў пратэстоўцаў і праводзіў паралелі з акцыямі 2008 году, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў у акцыях пратэсту былі застрэленыя 10 чалавек.

Чаму зараз было інакш? Па-першае Серж неяк самаліквідаваўся, знік з публічнай прасторы, перастаў праяўляць ініцыятыву. Па-другое, на вуліцу выйшлі да 130 тысяч чалавек. У краіне дзе фармальна жывуць 3 млн, а фактычна не больш за 2,5 млн (і варта адзначыць, што армяне такая нацыя, дзе шмат, калі не ўсе, адзін аднаго ведаюць), карацей, страляць у 130 тысяч – гэта страляць ва ўсю краіну. Гэта ўжо грамадзянская вайна. Улічваючы досвед Карабаху, напэўна, развязваць другі фронт тут нікому не хочацца.

Людзі на пратэстах у Ерэване

У выніку ўсё атрымалася падкрэслена мірна. З такім подыхам Гандзі, хаця адказваючы на пытанне пра ідэальнага палітыка сам Пашынян кажа: узор Нэльсан Мандэла. Медыя эксперт Савмел Марцірасян дадае, вельмі важную ролю адыгралі маладыя людзі, студэнты, якія ў адзін момант далучыліся да пратэстаў. Ну і натуральна сацсеткі, зноўку ж. Кіроўная Рэспубліканская партыя не проста не магла выйграць «вайну» за лайкі, яе проста не было ў інтэрнэце.

Аўтарытарызм light

На пытанне ці сапраўды ў Арменіі мяккая версія аўтарытарызму, нашыя суразмоўцы катэгарычныя. У апошні час пачалі закручваць гайкі. У краіне каля 30 палітзняволеных. Гэта так, але калі глядзець праз прызму беларускіх умоваў – light. Параўнайце затрыманні на акцыях: у Арменіі максімум штраф і арышт на 3 гадзіны, даўжэй толькі калі распачынаецца крымінальная справа. У Беларусі можна не выходзіць з Акрэсціна. Лідары апазіцыі ў парламенце. У нас не так даўно толькі ўсе павыходзілі. Ну і колькасць прэзідэнтаў. Усё ж такі Серж быў першы, хто паспрабаваў затрымацца даўжэй.

Але ёсць сапраўды і падабенства. Разважаючы, што ёсць армянскай нафтай (за выключэннем каньяку) суразмоўцы Белсату пералічваюць: горная прамысловасць (медзь, золата, малібдэн), турызм, IT. Апошняя галіна эканомікі сапраўды становіцца вельмі папулярнай, хаця армяне прызнаюць: беларусы круцейшыя. Тым не менш, у Арменіі таксама адыходзяць ад аутсорсінгу і спрабуюць зарабляць на праграмным праграмаванні. Калі ў нас «Танкі», там PicsArt, я таксама пра апошнюю не чуў, але ў Ерэване кажуць, гэта бліжэйшы канкурэнт Instagram, праграма, якая зробленая ў Арменіі.

Цэнтр Ерэвану

Зарабляюць праграмісты ў Арменіі і Беларусі прыкладна аднолькава, каля 2000 долараў. Розніца хіба ў дробязі. У нас айтышнікі падтрымліваюць перамены праз Талаку і краудфандынг, у Ерэване айтышнікі сталі адной з супольнасцяў, якая масава падтрымала перамены на вуліцы. У нас у нейкі момант стала модным супрацоўнічаць з уладаю, гэта стала прыкметаю поспеху, такім спадзяваннем выправіць сітуацыю гульнёй у доўгую. У іншых постсавецкіх краінах робяць інакш – уладу проста мяняюць.

Дырэктар Інстытуту Каўказу Аляксандр Іскандарʼян мяне папраўляе: мы ўсе жывем ужо не постсавецкім (няма такой прасторы больш), а ў пост-постсавецкім свеце. Арменія цяпер больш падобная да Грэцыі або Кыргызстану, але дакладна не да Беларусі. Напэўна спадар Іскандарʼян мае рацыю. Але Аляксандр Лукашэнка глядзіць на Арменію і параўноўвае свой лёс з Сарксьянам, а не з кіраўнікамі Грэцыі. І мы глядзім разам з ім.

Яшчэ адная пост-постсавецкая краіна перагарнула старонку сваёй гісторыі і крочыць далей разам са сваймі новымі лідарамі. Нікол Пашыньян пайшоў ва-банк. Мог прайграць. Вядома мог. Але перамог. Прынамсі вуліца дакладна выбрала свайго прэмʼера.

Аркадзь Несцярэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары