Перамогі ды паразы дыпламатаў Лукашэнкі


Толькі цяпер Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікавала справаздачу пра вынікі сваёй працы за 2019 г. Знешнепалітычнае ведамства запэўнівае, што нашая краіна захоўвае свае абавязкі перад стратэгічным саюзнікам і асноўным гандлёвым партнёрам, Расеяй, але працягвае ўмацоўваць адносіны на еўраатлантычным вектары. Якія яшчэ дасягненні ў замежнай палітыцы былі летась, а ў чым былі паразы?

Геаграфія палітычных інтарэсаў Беларусі сягае дзясяткаў краінаў, але галоўным палітычным і эканамічным партнёрам традыцыйна застаецца Расея. І менавіта з Крамлём дыпламатычныя кантакты былі найчасцейшымі. Дзевяць сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў, сем – на ўзроўні прэм’ераў. Амаль усе яны тычыліся праблемы глыбокай інтэграцыі. Да саюзу не дайшло – ці гэта перамога нашае дыпламатыі?

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Галоўная параза – на расейскім кірунку. Фактычна правалілася стратэгія афіцыйнага Менску, каб узамен на нейкія дэкаратыўныя паперы, нейкія дарожныя мапы дэкаратыўнага кшталту атрымаць рэальныя субсідыі, вярнуць эканамічную дапамогу. Гэтая стратэгія правалілася, што называецца, з трэскам».

Не менш істотна – ажно на $ 2,055 млрд – знізіўся і айчынны экспарт. Менск вінаваціць у гэтым красавіцкі скандал з продажам бруднае нафты і фактычнае прыпыненне экспарту чорнага золата з Расеі ўжо сёлета. На пачатку месяца бакі дамовіліся пра «сусветныя кошты» нафты. Цяпер, калі гэтае пытанне, відаць, закрытае, ці варта чакаць аднаўлення інтэграцыі?

Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»:

«Думаю, што цяпер усе ініцыятывы, што тычацца еўразійскай інтэграцыі ці інтэграцыі з Расеяй, знаходзяцца ў крызісе, нейкіх ініцыятываў чакаць не даводзіцца. Хутчэй мы будзем мець застой у гэтым кірунку ці лакальны прагрэс, не больш за тое».

Дзе бачны прагрэс, дык гэта на заходнім кірунку. У жніўні Беларусь наведаў дарадца прэзідэнта ЗША ў пытаннях бяспекі Джон Болтан, а ў верасні – намеснік дзяржсакратара Дэйвід Гэйл. На пачатку лютага Менск прыняў самога кіраўніка амерыканскае дыпламатыі Майкла Пампэа. Ці адліга ў стасунках з Амерыкай – гэта сапраўды прарыў айчыннага МЗС?

Кацярына Шмаціна, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«З Вашынгтонам назіраецца прагрэс, і ў гэтым ёсць заслуга беларускай дыпламатыі. Сапраўды, гэта былі намаганні і МЗС. Ёсць таксама дадзеныя, што беларускі бок наймаў лабістаў у Вашынгтоне, што тычыцца прасоўвання ідэй зняцця санкцыяў супраць «Белнафтахіму» і каб цалкам зняць абмежаванні для Беларусі па нафце».

Бо без адмены гэтых санкцыяў амерыканскія кампаніі не могуць прадаваць нафту ў нашую краіну.

Але хіба галоўнае дасягненне ў стасунках са Штатамі – гэта намер вярнуць амбасадараў, якіх не было 11 гадоў. Неафіцыйна ўжо вядомае імя будучага амбасадара – ім мае стаць намесніца памочніка дзяржаўнага сакратара ў еўрапейскіх ды еўразійскіх справах Джулі Фішэр. Яна мае за плячыма працу ў пасольствах у Грузіі ды Украіне. Менск пакуль трымае інтрыгу.

«Калі назіраць за працай Алега Краўчанкі і тым, колькі ён праводзіў сустрэчаў і наколькі добра ён ведае амерыканскі істэблішмент… у прынцыпе ён стварае прыязнае ўражанне сярод амерыканскіх аналітычных цэнтраў, экспертаў і палітыкаў, з якімі ён сустракаецца. Хіба такая асоба, як ён, стварала б прыязны імідж Беларусі ў Вашынгтоне», – кажа Кацярына Шмаціна.

І яшчэ адзін буйны заходні партнёр – Еўразвяз. За 10 гадоў працы ініцыятывы «Усходняе партнёрства» Украіна, Малдова і Грузія здолелі падпісаць дамовы аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам. Беларусь, як Арменія і Азербайджан, у аб’яднаную Еўропу пакуль, падобна, не спяшаецца. Як і кіраўнік Беларусі не наведвае самітаў «Усходняга партнёрства», хаця яго і запрашалі.

«Былі розныя візіты Лукашэнкі ў розныя краіны – Азію ці Аўстрыю, ці яшчэ кудысьці, але гэта не вяло да павелічэння гандлю і беларускага экспарту ў гэтыя краіны. То бок не канвертуецца гэта», – упэўнены Валер Карбалевіч.

І калі Грузія, Малдова і Украіна маюць з Еўрапейскім Звязам бязвізавы рэжым, Беларусь увесь мінулы год «выгрызала» шэнгенскія візы за 35 еўраў, што праўда, за такі кошт беларусы змогуць афармляць візы толькі ад чэрвеня.

«Што тычыцца падпісання візавага пагаднення, то гэта адносны прагрэс, таму што перамовы маглі праводзіцца і пагадненне магло быць падпісанае і 10 гадоў таму. І запавольванне хутчэй было па віне беларускага боку. Беларусь – гэта ўвогуле дзіўная краіна «Усходняга партнёрства», якая мела такія недасканалыя ўмовы візавага рэжыму», – мяркуе Кацярына Шмаціна.

Беларусь у аднабаковым парадку пашырыла 15-дзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 74 краінаў свету. Цяпер без візы можна наведаць усю Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну. Але што далей? Ці ёсць яшчэ месца на збліжэнне з Бруселем, якое не вымушала б Менск ісці на рэальныя перамены ў краіне?

«Нейкіх прарываў чакаць цяжка. Няма дакладнага, зразумелага парадку дня паміж Еўразвязам і Беларуссю. Ёсць шэраг праблемаў, якія не вырашаныя: тая ж праблема з атамнай электрастанцыяй, праз што Літва блакуе падпісанне нейкіх важных дакументаў», – кажа Валер Карбалевіч.

Беларусь працягвае раскручваць свой імідж міратворцы, на рэгіянальным узроўні даючы пляцоўку для ўрэгулявання канфлікту на Данбасе Менскімі дамоўленасцямі, а таксама надалей намагаецца запусціць праект міжнароднай бяспекі «Хельсінкі-2». Але падобна, што за гучнаю назвай перспектываў няшмат.

Валер Кавалеўскі, Беларуска-амерыканскае задзіночанне ў Вашынгтоне:

«У Беларусі даволі слабая знешнепалітычная вага ў міжнароднай палітыцы, і для таго, каб такую ініцыятыву падтрымалі і давялі да канца, да яе павінныя далучыцца буйныя гульцы. Я не кажу нават пра Расею, але пра Нямеччыну, Францыю і ЗША».

Значыць, з аднаго боку месца на манеўр ёсць. Паляпшаюцца дачыненні з ЗША і абʼяднанай Еўропай, але наступныя крокі ў гэтым кірунку будуць патрабаваць палітычнае волі. Якой пакуль стае толькі на тое, каб адбівацца ад інтэграцыі з Расеяй.

Наста Ільіна, Уладзіслаў Шлыкаў, belsat.eu

Калаж на прэв’ю: Natalia Fedosenko/TASS/Forum; POOL/Reuters/Forum

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 28.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў