«Перадвыбарчая кампанія пачалася з рэпрэсіяў». Еўрадэпутаты занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі


Еўрадэпутаты занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламенту для сувязяў з Беларуссю Робэрта Бедраня і дакладчыка ЕП аб Беларусі Пятраса Аўштравічуса.

«Перадвыбарная кампанія пачалася з агульнанацыянальных рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці», – паведамляецца ў заяве.

У ёй згадваюцца затрыманні па ўсёй краіне прыхільнікаў відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Еўрадэпутаты таксама занепакоеныя «дыскрымінацыйным падыходам да складу тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, бо колькасць кандыдатаў ад апазіцыйных партый, дапушчаных у гэтыя камісіі, значна скарацілася ў параўнанні з папярэднімі выбарамі».

Апроч таго, палітыкі раскрытыкавалі рашэнне ЦВК адмовіць па тэхнічных прычынах у рэгістрацыі некаторым вядомым дзеячамі апазіцыі.

Еўрадэпутаты заклікалі беларускія ўлады «стварыць, нарэшце, рэальна роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, а таксама выканаць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку звязаныя з відавочна незбалансаваным складам тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, адміністрацыйнымі махінацыямі ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў і адсутнасцю празрыстасці ў працэсе падліку».

Таксама яны заклікалі забяспечыць бяспеку правядзення выбараў з улікам пандэміі COVID-19.

«Улады Беларусі няздольныя прымаць адэкватныя меры»

Таксама 28 траўня з адкрытым лістом да народу Беларусі звярнуліся шэраг дэпутатаў Еўрапейскага парламенту ад фракцыяў Еўрапейскай народнай партыі, «Адновім Еўропу» і «Зялёныя/Еўрапейскі вольны альянс»: Томаш Франкоўскі (Польшча), Андрус Кубілюс і Пятрас Аўштравічус (Літва), Мірыям Лексман і Іван Штэфанец (Славакія), Сандра Калніетэ (Латвія), Зігфрыд Мурэшан (Румынія), Хайдзі Хаўтала (Фінляндыя), Сяргей Лагадзінскі і Райнгард Бютыкофэр (Нямеччына).

Яны выказалі «захапленне мужнасцю і рашучасцю», выяўленымі беларусамі падчас эпідэміі каронавіруса, і адзначылі «няздольнасць беларускіх уладаў прызнаць маштабы патэнцыйнага распаўсюду COVID-19 і паслядоўна прымаць адэкватныя меры».

«ЕЗ гатовы і надалей дапамагаць беларускім уладам у барацьбе з пандэміяй і яе наступствамі і падтрымліваць яе ў рэалізацыі мер, прапанаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Мы заклікаем беларускі ўрад дзейнічаць адказна, а таксама забяспечыць захаванне асноўных правоў чалавека. У той час, калі мы сутыкаемся з агульнай праблемай гэтай жорсткай пандэміі, мы запрашаем беларускі ўрад шанаваць прынесеныя ахвяры, а таксама мужнасць і рашучасць, праяўленыя беларускім народам, далучыўшыся да нас у павазе асноўных правоў чалавека і годнасці кожнай асобы», – гаворыцца ў лісце.

Еўрадэпутаты заклікалі беларускі ўрад забяспечыць свабоднае, справядлівае і бяспечнае правядзення выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ і рэкамендацыямі экспертаў у галіне аховы здароўя, а таксама адзначылі, што ўлады Беларусі не выконваюць патрабаванні бяспекі адносна БелАЭС.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў