Севярынец парэзаў руку на знак пратэсту супраць катаванняў. Яму далі яшчэ 15 содняў

У судзе Фрунзенскага раёна ў 11:00 распачаўся разгляд чарговай адміністратыўнай справы супраць Паўла Севярынца. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Палітыка ў суд не даставілі, разгляд справы праходзіць праз Skype-канферэнцыю. На пачатку пасяджэння Павел паказаў сваю руку, на якой былі заўважны парэзы.

«Я парэзаў руку ў знак пратэсту. Мяне трымаюць у карцары 10 дзён без рэчаў!» – растлумачыў палітык.

https://www.facebook.com/vola.sieviaryniec/posts/2830657950378000

Севярынец заявіў хадайніцтва аб тым, каб яго вызвалілі, бо ўмовы ўтрымання з’яўляюцца нечалавечымі.

«Магу адказваць на пытанні, калі буду на свабодзе», – заявіў палітык. «Вы ўтрымліваецеся па іншай справе», – адмовіў суддзя.

Севярынца судзяць паводле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Падставай для складання пратаколаў стаў удзел Севярынца ў перадвыбарчым пікеце ў Менску 30 траўня і ў Віцебску 31 траўня. Сваёй віны ён не прызнае. Палітык указвае на тое, што ўсё праходзіла ў рамках легальных пікетаў па зборы подпісаў і пра гэта былі адпаведныя дамоўленасці з ініцыятыўнымі групамі.

«На Дана Мол (гандлёвы цэнтр у Менску, каля якога прайшоў першы заўважаны пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку –заўв.) таксама былі сцягі і апаратура. Чаму іх не караюць? Чаму я сяджу ў карцары, без вады, без прагулак, без асабістых рэчаў? За што гэта? Мне даюць суткі і суткі», – абурыўся Севярынец.

Ён падкрэсліў умовы свайго ўтрымання: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метра, вельмі холадна.

«7 чэрвеня мяне даставілі ў ЦІП. Восьмага чэрвеня мяне пасадзілі ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання правапарушальнікаў) у карцар. Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наагул, яна адключаная. [Таму] мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было на «сутках»

«Па якой прычыне вы знаходзіцеся ў карцары?» – удакладняе адвакатка.

«Спачатку мне сказалі, што гэта звычайная камера. Але я ж разумею, [што знаходжуся ў карцары], рэчы мае забралі, перадачы не перадаюць».

Як стала вядома пазней, Паўлу Севярынцу далі яшчэ 15 содняў адміністратыўнага арышту. Палітык знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня.

***

На гэтым тыдні пакараныя адміністратыўным арыштам актывісты заяўлялі пра катаванні ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Максім Урбановіч распавёў журналістам, што ў зняволеных адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлёркаю, якую ж льюць на асабістыя рэчы. Харчаванне было такое кепскае, што ён неаднаразова адмаўляўся ад вячэры. Апошнія дні Максіму прышлося сядзець у адной камеры з чалавекам, хворым на каросту. Актывіст адзначае, што раней такога не было. «Я сядзеў перад Новы годам, дык тады адміністрацыя намагалася прытрымлівацца рэжыму. Зараз жа – суцэльны псіхалагічны ціск», – кажа ён.

Асуджаныя на содні кажуць аб катаваннях у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны