У іх забіраюць прадметы гігіены і цёплую вопратку, а падлогу пастаянна паліваюць хлёркаю.
Палітычных актывістаў, асуджаных на содні, катуюць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Напрыклад, у Павела Севярынца забралі цёплую вопратку і нават зубную шчотку. Таксама палітык атрымаў яшчэ 30 дзён арышту. Аб гэтым паведаміла ягоная жонка Вольга Севярынец.
«Сёння пазваніў чалавек, які сядзеў з Паўлам і сказаў, што Паўлу далі яшчэ 2 пратаколы па 15 сутак – агулам атрымліваецца 75 сутак, забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі халодна. Паша просіць, каб перадалі перадачу, але мы не можам гэтага зрабіць, бо перадачы не прымаюць», – кажа Вольга.
Сітуацыя ўскладняецца тым, што зараз сваякі і блізкія не могуць перадаваць рэчы праз эпідэмію. Зараз Вольга намагаецца, каб да Паўла патрапіў адвакат ды перадаць мужу перадачу з цёплай вопраткай і лекамі. Аднак надзеі, што гэта атрымаецца, няшмат.
«Калі гэта спушчана заданне зверху – цкаваць гэтых людзей, то я нават не ведаю. Відаць, яны баяцца гэтых людзей, якія разграмяць рэжым. Пэўна, баяцца зараз любога чалавека, які з імі нязгодны», – тлумачыць Вольга.
Ейныя словы пацвярджаюць і іншыя актывісты, якія адбывалі содні на Акрэсціна. Паводле маладафронтаўца Максіма Урбановіча, зараз у ЦІП пануюць здзекі, шантаж і бязмежжа.
У зняволеных адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, на падлогу камеры штодня выліваюць вядро з хлёркаю, якую ж льюць на асабістыя рэчы.
Харчаванне было такое кепскае, што ён неаднаразова адмаўляўся ад вячэры. Апошнія дні Максіму прышлося сядзець у адной камеры з чалавекам, хворым на каросту. Актывіст адзначае, што раней такога не было.
«Я сядзеў перад Новы годам, дык тады адміністрацыя намагалася прытрымлівацца рэжыму. Зараз жа – суцэльны псіхалагічны ціск», – кажа ён.
Паводле старшыні праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва» Вікторыі Фёдаравай, такія здзекі наўпрост звязаныя з тым, што зараз пад адміністрацыйным арыштам знаходзіцца шмат людзей, якія асуджаныя па палітычных прычынах. Праваабаронца адзначае, што ціску такіх маштабаў даўно не было.
Вікторыя адзначае, што такія дзеянні парушаюць не толькі міжнародныя нормы, аднак і ўнутранае беларускае заканадаўства.
«У працэсуальна-выканаўчым кодэксе дакладна прапісана, што ўтрыманне людзей у няволі мусіць адбывацца без рызыкі для іхнага жыцця і здароўя. А зараз асуджаным не могуць перадаць цёплую вопратку, лекі, нармальную ежу і пітво. Тое, што зараз адбываецца — гэта бесчалавечнае стаўленне, якое можна назваць катаваннем».
Скардзіцца на ўмовы асуджаныя зараз не могуць: у іх адразу забіраюць паперу і пісьмовыя прыналежнасці. Адзінае, што яны могуць рабіць – інфармаваць людзей на волі. Вікторыя Фёдарава кажа, што «Прававая ініцыятыва» ужо сёння накіруе скаргу ў пракуратуру, ГУУС і спецыяльнаму дакладчыку па катаваннях і правах чалавека ў Беларусі.
«Гэта абуральнае парушэнне, звязанае з палітычным кантэкстам», – сцвярджае праваабаронца.
Раней сёлета актывісты, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, наракалі на ўмовы. Некаторыя нават вярнуліся з ЦІПу хворымі.
КТ belsat.eu