Паўтара і два гады зняволення пагражае 18-гадовым маладзёнам, якія распісалі «Рубяжы». Абодва прызналі сваю віну
21.01.202119:49
21 студзеня 2021 года суд Кастрычніцкага раёну Менску працягнуў разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача, якія 6 верасня размалявалі фарбаю шчыты сістэмы «Рубеж» на маршы да Палацу незалежнасці.
Маладзёнаў вінавацяць паводле:
ч. 1 арт. 339 КК РБ («Зацятае хуліганства»);
арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Сафія мае яшчэ арт. 368 КК РБ («Публічная абраза прэзідэнта»).
Працэс вядзе суддзя Вольга Няборская. Дзяржаўная абвінаваўца – Рудніцкая.
Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат
На пасяджэнні былі паказаныя фота- і відэаматэрыялы, узятыя з телеграм-каналаў і тэлефона Сафіі. Матэрыялы не былі адсартаваныя, трапляліся асабістыя здымкі затрыманай, таму дзяўчына часта ўдакладняла: «гэта не адносіцца да справы», «пераключыце, гэта таксама не адносіцца, тут я проста спяваю». Перыядычна суддзя ўдакладняла некаторыя моманты:
– Падвіноўная, вы пазнаяце сябе? Як можаце пракаментаваць відэа?
– Ну так, пазнаю. Усё гэта зрабіла я.
– Гэта вы з плакатам?
– Так.
– Што напісана?
– Нецэнзурная лексіка.
Далей пытанні задавала абвінавачанне.
– «Паважаныя грамадзяне, просьба разысціся». Вы што, не чулі гэтага? – удакладняе пракурор.
– Там яшчэ нешта пра дождж гаварылі. Ну так, не, не чула. Ніхто не падыходзіў і не прасіў сысці, – адказала Сафія.
– Асабіста да кожнага і не будуць падыходзіць, – адказала Рудніцкая.
Два дыскі са звесткамі былі пашкоджаныя і не чыталіся камп’ютарам, таму былі разгледжаныя астатнія матэрыялы. Пасля ў суд прыйшоў сведка – жаўнер часткі 3214, які ў той дзень бачыў падсудную.
Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат
«Яе цяжка было не заўважыць. Запомнілася сваймі паводзінамі: яна танчыла, выказвала непавагу да службоўцаў», – кажа ён пра дзяўчыну.
Сведка ўдакладняе, што «хлопец, хутчэй, хацеў узяць удзел у афарбоўванні шчытоў, але, паколькі адзін з іх павінен быў здымаць, ён здымаў».
– Вы чулі іхную размову? – пытае адвакат.
– Не, – адказаў сведка.
– То бок гэта вашыя здагадкі? – удакладняе абарона.
– Так, гэта мае здагадкі, – пацвярджае ён.
Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.
Фота: Белсат
Са словаў сведкі, падсудная «адышла пасля надпісаў і стала танцаваць, паказваючы ўпэўненасць у тым, што ёй усё сыдзе з рук. Яны паводзілі сябе задзірліва, думалі, што згубяцца ў натоўпе [здагадкі сведкі. – Заўвага рэд.]. Мы ў сваю чаргу выйшлі наперад, каб паглядзець іх [надпісы. – Заўвага рэд.], пасля затрымалі хлопца. Дзяўчыну спачатку не затрымлівалі».
– Вы бачылі, як затрымліваюць хлопца? – удакладняе адвакат.
– Сам працэс затрымання хлопца не бачыў, у мяне не сорак вачэй, – зʼедліва адказаў сведка.
– Адкуль тады ведаеце, што хлопца затрымалі першым?
– Потым даведаўся, – коратка адказаў той.
Неўзабаве паседжанне скончылася, вынікі наступныя:
Абвінавачанне просіць Ціхану ды Сафіі 1,5 і 2 гады пазбаўлення волі адпаведна.
Абодва прызналі сваю віну.
Заўтра суд вынесе канчатковы прысуд.
Калі Ціхана ды Сафію міліцыя выводзіла з залы суда, блізкія крычалі ім, каб трымаліся, і што яны з імі.
Разгляд справы 18-гадовых Сафіі Малашэвіч і Ціхана Клюкача. 21 студзеня 2021 г.