Патрыярха Кірыла зрабілі ганаровым прафесарам РАН. І патлумачылі гэта фэйкавай цытатай Айнштайна


Прэзідыум Расейскай акадэміі навук узнагародзіў патрыярха Кірыла званнем ганаровага прафесара акадэміі. Прысуджэнне звання ў РАН патлумачылі нібыта цытатай Альбэрта Айнштайна пра Бога. Але аказалася, гэтая цытата была ўзятая з мастацкага серыялу.

Тлумачачы, чаму ў прысваенні звання ганаровага прафесара РАН патрыярху Кірылу няма лагічнай супярэчнасці, кіраўнік прэс-службы РАН Святлана Папова заявіла, што патрыярх «вялікі папулярызатар навукі». У якасці прыкладу Папова прывяла тое, што кіраўнік РПЦ тры разы прымаў удзел у здымках праграмы «Відавочнае-неверагоднае», якую вёў савецкі фізік Сяргей Капіца.

«Як казаў Айнштайн, тэорыя адноснасці кажа аб геніяльнасці Стваральніка, і ў гэтым сэнсе ніякіх супярэчнасцяў няма», – пракаментавала Папова прысваенне патрыярху звання ганаровага прафесара РАН.

Ці сапраўды дзе-небудзь калі-небудзь Айнштайн казаў, што «тэорыя адноснасці кажа аб геніяльнасці Стваральніка», дакладна невядома, але ў адкрытых крыніцах няма такога выказвання нобэлеўскага лаўрэата.

Руская служба Бі-бі-сі ўдакладніла ў прадстаўніка РАН, якое менавіта выказванне Айнштайна мелася на ўвазе. Паводле прэс-сакратара прэзідэнта РАН Святланы Паповай, яна цытавала не самога вучонага, а персанажа з серыялу «Геній». Па словах Паповай, знайсці першакрыніцу цытаты будзе складана, але «трэба вывучаць Айнштайна».

Пры гэтым Папова не змагла адказаць на пытанне, у чым будзе заключацца новая роля патрыярха ў дзейнасці акадэміі.

Свае погляды на рэлігію Айнштайн выклаў за год да смерці ў лісце да філосафа, даследніка юдаізму і Бібліі Эрыка Гуткінда.

«Слова «Бог» для мяне не больш чым выраз і прадукт чалавечых слабасцяў, – пісаў фізік. – Біблія – ​​зборнік шаноўных, але ўсё роўна даволі прымітыўных легенд. Ніякае тлумачэнне, няважна наколькі вытанчанае, не зменіць майго стаўлення». Рэлігію ён называў «увасабленнем прымітыўных забабонаў». У розных працах і лістах Айнштайн неаднаразова казаў, што не верыць у персаніфікаванага Бога.

ІІ, belsat.eu, паводле BBC

Стужка навінаў