Патоп у быхаўскай школе. Са столі капае, у калідорах – ручаі

Фота

Рэдакцыя belsat.eu атрымала ліст са здымкамі затопленай школы № 2 у Быхаве.

Паводле гледача, рамонт даху пачалі не ўлетку, а ў верасні, калі ў школе поўна дзяцей.

«У кабінетах знаходзіцца немагчыма. Са столі лье дождж. Дзяцей трымаюць у актавай зале. Дзеці задыхаюцца – няма прытоку паветра, але дадому іх ніхто не адпускае».

У аддзеле адукацыі Быхаўскага райвыканкаму belsat.eu распавялі, што сітуацыя апанаваная, рамонтныя працы вядуцца.

«Гэта не нашая віна, што школу затапіла. Быў моцны дождж, а фірма, якая выйграла тэндар, дрэнна спрацавала. Можа ўжыла неўласцівую тэхналогію, дах знялі, але не забяспечылі», – распавядае намесніца кіраўніка Наталля Малашэнка.

На пытанне, што будзе са школьнікамі, чыноўніца кажа, што іх ужо размеркавалі ў іншыя вучэбныя ўстановы.

«У сваю школу дзеці хадзіць не будуць, пакуль не направяць дах. Вучні з настаўнікамі цяпер ходзяць на заняткі ў іншыя школы і ліцэі гораду».

Паводле кантракту, дах маюць адрамантаваць да паловы кастрычніка. Але ці так будзе, Наталля Малашэнка кажа з няпэўнасцю.

«Бог яго ведае. Спадзяемся. Мы ж не вінаватыя, што так позна пачалі рамонт. Як сродкі з бюджэту паступілі, так і пачалі».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары