Пасля выбуху газу ў Магнітагорску пад заваламі – 79 чалавек


Ратаўнічая праца на месцы жылога дому, у якім пасля выбуху газу абваліўся пад’езд. Фота – МНС Расеі/Reuters

Зранку 31 снежня ў адным з дамоў у расейскім Магнітагорску абрынуўся пад’езд. Паводле папярэдніх звестак, загінулі тры чалавекі, лёс яшчэ 79 чалавек застаецца невядомы. Асноўнай прычынай здарэння ратаўнікі лічаць выбух побытавага газу, падае «Интерфакс».

Міністэрства аховы здароўя Расеі падае, што з-пад завалаў дому ў Магнітагорску вынятыя чатыры чалавекі, у тым ліку адно дзіця.

«Паводле маіх звестак, вынятыя чацвёра чалавек, у тым ліку адно дзіця, іх абследуюць спецыялісты хуткай дапамогі», – сказаў прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Максім Радзецкі.

Ён адзначыў, што «іхны стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці».

31 снежня 2018 года. Ратаўнікі на месцы абрынутага пад’езду ў Магнітагорску. Фота – МНС Расеі/Reuters

У сваю чаргу Міністэрства аховы здароўя Чэлябінскай вобласці паведамляе, што на гэты момант па дапамогу медыкаў звярнуліся 12 чалавек.

«Чатыры пацярпелыя шпіталізаваныя, сярод іх адно дзіця. Астатнім дапамогу аказваюць амбулаторна», – гаворыцца ў паведамленні.

ДД; фота анонсу – Уладзімір Смірноў/ТАСС

Глядзі таксама
Каментары