Пантыфік з-за «Жалезнай заслоны»


2 красавіка 2005 года пайшоў з жыцця Ян Павал ІІ. Ён быў першым у гісторыі касцёлу пантыфікам славянскага паходжання і адыграў не апошнюю ролю ў зрынанні камуністычнай сістэмы ў Еўропе.

Не быў хіба што толькі на Антарктыдзе

Цягам 26-ці гадоў пантыфікату ён пабываў у больш чым 100 замежных паездках.

У 1993 годзе адправіўся ў першае паломніцтва па былых савецкіх рэспубліках: Літве, Латвіі ды Эстоніі. Менавіта гэтыя рэспублікі яшчэ ў часы СССР пачалі ўголас заяўляць пра сваё імкненне да незалежнасці.

 

Ян Павал ІІ наведаў Літву ў 1993 годзе з нагоды 600-годдзя хрышчэння Літвы. Падчас свайго паломніцтва пантыфік дзяліўся сваім досведам, завязаным з жыццём у камуністычнай краіне, якая прапаноўвала атэістычную мадэль выхавання.

Дзесяцігоддзі жыцця ў камуністычнай сістэме былі для літоўцаў сапраўдным выпрабаваннем іхных духоўных каштоўнасцяў. Вялікай падзеяй стала малітва пантыфіка на магіле ахвяраў, якія аддалі свае жыцці ў змаганні за свабоду Літвы ў 1991 годзе.

Наступнай кропкай на мапе папскага паломніцтва ў Прыбалтыку стала Латвія, дзе пантыфік наведаў вядомы латвійскі санктуарый у Алгоне.

У Эстоніі Ян Павал ІІ прабыў усяго 1 дзень. Падчас святой імшы ў Таліне ён падсумаваў сваё падарожжа па Прыбалтыцы, прыгадаў трагічную гісторыю апошняга стагоддзя і маліўся за тое, каб малыя краіны ніколі больш не былі заняволеныя страхам перад магутнымі суседзямі.

 У 2001 годзе Ян Павал ІІ наведаў Украіну, Казахстан, Арменію, Азербайджан і Грузію

Перабываючы ў Кіеве, пантыфік зазначыў, што гэтае месца – калыска хрысціянства ў цэнтральна-ўсходняй Еўропе. Ва Украіне Ян Павал ІІ маліўся ў месцах пакутніцкай смерці ўкраінскага народу. Наведаў Быкоўню, якую называюць «ўкраінскай Катынню», дзе ў 1937-41 гг. функцыянеры НКУС знішчылі каля 7 тысяч людзей. Разам з рабінам Якавам Бляйхам папа маліўся ў Бабім Яры – месцы пакутніцкай смерці ўкраінскіх габрэяў.

Хацеў у Расею, але запрашэння не дачакаўся

Вялікаю марай Папы было паломніцтва ў Расею. На жаль, гэтая мара не здзейснілася. Ён увесь час чакаў афіцыйнае запрашэнне. На жаль, не дачакаўся.

На знак прымірэння з Расейскай праваслаўнай царквой ён перадаў ікону Маці Божай Казанскай для Ўспенскага сабору ў Крамлі. Ікона, шанаваная праваслаўнымі вернікамі, загінула пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 60-я гады яна з’явілася ў Вялікай Брытаніі, пазней яе падарылі пантыфіку амерыканскія каталікі. Ад тае пары яна вісела ў прыватнай капліцы Яна Паўла ІІ.

Падарунак ад Папы завёз у 2004 годзе ў Маскву папскі пасланец кардынал Вальтэр Каспэр. Патрыярх Алексій ІІ ікону прыняў, назваўшы падарунак актам добрай волі Касцёлу, але не пераломам, які стварае магчымасць прыезду пантыфіка ў Расею.

Не быў Ян Павал ІІ і ў Беларусі, аднак меў вялікую цікавасць да нашае краіны і менавіта ён стварыў паўнавартасную каталіцкую структуру ў Беларусі. Ён прызначыў першага каталіцкага біскупа ў Беларусі – Тадэвуша Кандрусевіча.

Хоць Яну Паўлу ІІ не ўдалося наведаць Беларусі, яго неаднойчы наведвалі жыхары гэтай краіны. Быў сярод іх і Рыгор Барадулін, які пераклаў «Трыпціх» Папы Рымскага на беларускую мову. Ён гаварыў па-беларуску, Папа – па-польску, але яны дакладна адзін аднога зразумелі.

27 красавіка 2014 году ў Ватыкане Папа Францішак унёс Яна Паўла II у лік святых Касцёлу. У Імшы бралі ўдзел вернікі з усіх дыяцэзіяў Беларусі.

КР, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў