Уначы 1 красавіка ў Капыльскай раённай больніцы памерла 70-гадовая пацыентка Наталля А.
Як стала вядома «Нашай Ніве», яна была з вёскі Доктаравічы, дзе зафіксавалі ўспышку каронавірусу. Інфармацыю выданню пацвердзілі крыніцы, блізкія да медычных колаў, а таксама мясцовыя жыхары.
«Памерла, павязуць у Менск на крэмацыю», – сказалі жыхары Доктаравічаў.
Цягам 30 і 31 сакавіка ў вёсках Доктаравічы, Новыя Доктаравічы і Вуглы Капыльскага раёна працавалі медыкі ў касцюмах спецадзення. Людзей папярэджвалі, што не трэба выходзіць на вуліцы без патрэбы. У многіх жыхароў бралі мазкі на каронавірус. Частку людзей пасля адправілі ў больніцы Менску, Барысава і Капылю.
Сярод першых хворых з пнеўманіяй была настаўніца англійскай мовы Наталля А. У Капыль яе даставілі ў цяжкім стане, таму нават не пераводзілі ў Менск. Яе жыццядзейнасць падтрымлівалі з дапамогай адзінага ў раёне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Сваякі жанчыны каментары пакуль не даюць.
Мясцовым уладам у Капылі было вядома, што жанчына шпіталізаваная, аднак інфармацыю пра смерць ім не прадставілі.
***
Першым памерлым са станоўчым вынікам тэсту на каронавірус стаў 75-гадовы актор Віцебскага тэатру Віктар Дашкевіч. Пазней з’явілася інфармацыя, што ў Віцебску памерла 73-гадовая жанчына, інфікаваная каронавірусам.
КА belsat.eu