Пад Магілёвам руйнуецца касцёл XVIII ст. Грошы на яго кансервацыю возьмуць з фонду Лукашэнкі


Касцёл святога Мікалая ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёну быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Помнік архітэктуры ўлучаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сёння касцёл знаходзіцца ў катастрафічным стане: сцены будынку пакрылі шчыліны ад нізу да верху, ужо пачаў абвальвацца дах. Адным словам, касцёл можа абрынуцца ў любы момант.

Экскурсавод Алег Дзьячкоў неаднаразова звяртаў увагу ўладаў на неабходнасць ратаваць будынак. 1 верасня 2018 году Алег распавёў пра праблемы касцёла міністру культуры Юрыю Бондару, а да 1 сакавіка 2019 году даслаў сваё пытанне кіраўніку краіны на «Вялікую размову».

«Мы павінны захаваць касцёл святога Мікалая ў Княжыцах. Я кажу гэта не як экскурсавод, які зацікаўлены ў тым, каб паказаць прыгожы аб’ект турыстам, а як старшыня Таварыства беларускай мовы ў Магілёве, бо мне важна перадаць спадчыну нашчадкам. Мясцовых жыхароў на чым будзем выхоўваць, калі нічога не застанецца? Трэба, каб нашая гісторыя была бачная і вядомая перад усім нам самім», – кажа экскурсавод Алег Дзьячкоў.

Касцёл святога Мікалая ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёну быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі

Грошы будуць шукаць у фондах Лукашэнкі

У адказ на сваё пытанне Алег Дзьячкоў атрымаў ліст з аблвыканкаму, якому даручана займацца захаваннем і добраўпарадкаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Інтер’ер касцёла. З адной сцяны стаяць будаўнічыя лясы, але імі даўно ніхто не карыстаецца

«Для правядзення аднаўленчых прац патрабуюцца сродкі ў памеры 370 тысяч рублёў. У сувязі з абмежаванымі магчымасцямі абласнога і раённага бюджэту правядзенне далейшых работ па кансервацыі не прадстаўляецца магчымым», – сказана ў лісце за подпісам намесніка старшыні аблвыканкаму Андрэя Кунцэвіча.

Інтер’ер касцёла

Як стала вядома Алегу Дзьячкову, кансервацыя касцёла ўсё ж уключана ў планы на 2020 год. Пэўную частку ад патрэбнай сумы – 90 тысяч рублёў – плануюць узяць з Магілёўскага раённага бюджэту.

Астатнія грошы на кансервацыю касцёла Магілёўскі аблвыканкам даручыў райвыканкаму шукаць у фондзе прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама па-за бюджэтам (у спонсараў).

Усе выхады-уваходы ў касцёл забіты

Згодна п.1, арт.75 «Кодэкса аб культуры», захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці абавязаны забяспечыць яе ўласнік. Касцёл святога Мікалая ў Княжыцах знаходзіцца ва ўласнасці Княжыцкага сельскага выканаўчага камітэту.

Касцёл, які стаў царквой

Касцёл у Княжыцах – унікальны помнік архітэктуры для Беларусі, тым больш для ўсходніх рэгіёнаў. Гэта выбітны прыклад позняга барока. Падобных будынкаў на Беларусі больш не захавалася.

Касцёл стаіць на старой менскай шашы ў 15 км ад Магілёва ў вёсцы Княжыцы. Калі ехаць з Менску ў Магілёў па сучаснай М4, то, каб пабачыць гісторыка-культурную каштоўнасць, трэба збочваць.

Аб’ект ахоўваецца законам, а таксама драўляным плотам і металічнымі дзвярыма

Незвычайны лёс напаткаў будынак. З 1791 па 1864 гады ў ім працаваў касцёл, а ўжо праз 10 год будынак стаў выкарыстоўвацца пад патрэбы праваслаўнай царквы. Дзеля гэтага прыйшлося надбудаваць адзін вялікі і тры маленькіх купалы на галоўным фасадзе. У жніўні 1964 года прыход абязлюдзеў і царква назаўжды зачынілася.

Больш за 5 год таму будынак касцёлу праз яго небяспечнасць абнеслі плотам і забілі ўсе ўваходы ў яго. Але нейкі час людзі працягвалі пранікаць унутр касцёла. Цяпер усе баяцца туды заходзіць, бо відавочны небяспечны стан будынку.

Сённяшні стан гісторыка-культурнай каштоўнасці выклікае пытанні

Непатрэбныя помнікі

Вуліца Лазарэнка (раней – Віленская), на якой тры дамы знаходзяцца ў крытычным стане

Другое пытанне, якое дасылаў на «Вялікую размову» Алег Дзьячкоў, датычылася занядбанага стану трох будынкаў на вуліцы Лазарэнка ў Магілёве. Дамы №7, №13 і №15 уваходзяць у гісторыка-культурную каштоўнасць «Гістарычны цэнтр Магілёва».

Сёння ўнутры будынкаў нічога не засталося, усё разнеслі ў невядомых напрмках. жыхары і актывісты неаднаразова звярталіся ў міліцыю, але безпаспяхова
Дом № 13 па вуліцы Лазарэнка агароджаны плотам і завешаны сеткай

У кожнага будынку – свой уласнік, але адзін і той жа лёс: будынкі абкрадаюць, падпальваюць, але нікому да гэтага няма ніякай справы.

Дамы № 13 і №15 на вуліцы Лазарэнка

У сваім адказе на зварот экскурсавода Магілёўскі аблвыканкам паведаміў, што сітуацыя з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі на вуліцы Лазарэнка ў Магілёве «знаходзіцца на кантролі Магілёўскага гарвыканкаму». Адзначаецца, што адзін з былых уласнікаў дому №7 нават прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за неналежнае ўтрыманне абʼекта.

Дом №13 па вуліцы Лазарэнка знаходзіцца ва ўласнасці прадпрыемства «ЭмВікПрафБуд»
Уласнікам дома №7 па вул. Лазарэнка з’яўляецца «Царква Слова да Жыцця»

«Думаю, гэтыя помнікі нікому не патрэбныя: ні грамадскасці, ні ўладам. І калі далей іх будуць гэтак сама «ахоўваць» як зараз, то праз пару год ад іх нічога не застанецца. Там крадуць усё, што могуць. Скралі пліту з датай яе закладкі 1910 год, яшчэ раней – каваны казырок. Справы па крадзяжах нібыта заводзяць, але сэнсу няма ніякага», – кажа Алег Дзьячкоў.

Магілёўскія актывісты ўпэўнены, што гісторыка-культурныя каштоўнасці на вуліцы Лазарэнка нікому не патрэбныя
Аналагічную пліту з дому № 13 па вуліцы Лазарэнка скралі ў мінулым годзе

Цяпер усе тры будынкі на вуліцы Лазарэнка зачынены, абвешаны будаўнічай сеткай і ў некаторых месцах агароджаны, але гэтыя меры не ўратуюць іх ад хуткага разбурэння: калі нічога не рабіць ужо цяпер, то будынкі дабʼюць час і надворʼе.

Дом № 7 па вуліцы Лазарэнка, былы выцвярэзнік у Магілёве, пасля занядбання стаў стыхійным прытулкам для бамжэй, а некалькі год таму гарэў

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў