Па Сірыі выпусцілі больш за 100 ракетаў


Бамбаванне адбылося паміж 4-й і 5-й гадзінамі раніцы паводле мясцовага часу (супадае з менскім).

Раніцай кіраўнікі трох краінаў паведамілі аб заканчэнні аперацыі. Агулам скаардынаваныя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыя выпусцілі па Сірыі больш, чымся 100 ракетаў, падае Reuters.

Працаўнік Украінскага інстытуту будучыні Ілля Куса піша, што выпусцілі каля 120 ракет.

«З іх частку збілі, дзесьці 15–25, большую частку – над раёнам Аль-Касва над Дамаскам. Большасць ракет нават не ўваходзілі ў паветраную прастору расейскіх ваенных базаў у Латакіі і Хомсе», – піша Куса.

Паводле спецыяліста, цэлямі заходніх сілаў былі, між іншага:

– аэрапорт Ад-Думайр у правінцыі Дамаск;

– квартал Аль-Барз ува ўсходнім прыгарадзе Дамаску;

– аэрапорт Меззэ пад Дамаскам;

– ваенны аб’ект, звязаны з хімічнай праграмай, у правінцыі Хомс (там трое параненых);

– навукова-даследчы інстытут «Ас-Сафіра» ў правінцыі Хама.

Атака стала адказам на меркаваную хімічную атаку сірыйскага войска ўва Усходняй Гуце пад Дамаскам у мінулую суботу. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у шпіталі з сімптомамі ўздзеяння хімічных рэчываў трапілі каля 500 пацыентаў. Пра іншыя доказы атакі пакуль невядома.

ДД

Стужка навінаў