«Ой, усё». Праваабаронцы зладзілі манстрацыю ў Менску


Сёння ўдзень актывісты і валанцёры праваабарончага цэнтру «Вясна» правялі манстрацыю ў парку Дружбы народаў. Паводле арганізатараў, яны мелі на мэце «затэсціць змены ў закон аб масавых мерапрыемствах».

Новыя правілы, якія пачалі дзеяць сёлета, прадугледжваюць паведамляльны характар такіх імпрэзаў: неабходна загадзя (за 10 дзён) у пісьмовай форме паінфармаваць улады пра будучую акцыю. Але актывісты даслалі ліст яшчэ 16 лютага. Што акцыя незабароненая, ім стала вядома толькі ў мінулую пятніцу.

Фота Ірыны Арахоўскай / Belsat.eu
Фота Ірыны Арахоўскай / Belsat.eu

За пэўную плату дзяржава забяспечвае паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і прыбіранне тэрыторыі. Камунальнікаў у парку мы не заўважылі, але некалькі міліцыянтаў, машына ДАІ і «хуткай» сапраўды дзяжураць на месцы.

«Спачатку ў Менгарвыканкаме нават не ведалі, да каго нас скіроўваць, бо мы звярталіся ўпершыню пасля зменаў у закон. Аплачваць будзем ужо па факце, цягам наступных 10 дзён», – патлумачыла валанцёрка «Вясны» Анісія Казлюк.

Усяго на манстрацыю сабраліся шасцёра ўдзельнікаў (дазволеная колькасць – да 10 чалавек). Яны прынеслі з сабою рознакаляровыя плакаты з вясёлымі надпісамі: «Гаршчочак, не вары», «Пралетарыі ўсіх краінаў, звальняйцеся», «Дзякую, непрыемна» і самы лаканічны – «Ой, усё».

«Манстрацыя – гэта мастацкі фармат правядзення мірнага сходу, яе сэнс у максімальнай абсурднасці. Лозунгі на манстрацыі не абавязкова мусяць быць змястоўнымі. Яны ў нас не маюць сэнсу, як, дарэчы, і змены ў закон аб мірных сходах», – мяркуе Анісія.

Марына Корж. Фота Ірыны Арахоўскай / Belsat.eu

Аднак не ўсе плакаты на сённяшняй акцыі папросту смешныя. Трапіўся і надпіс «Свабода жаночага роду». Яе прынесла прадстаўніца руху супраць хатняга гвалту і за правы жанчын «Маршыруй, дзетка» Марына Корж.

«Яшчэ 14 лютага мы хацелі зладзіць танец у адным з менскіх гандлёвых цэнтраў, каб звярнуць увагу грамадскасці на праблемы гвалту ў сям’і. Але напярэдадні правядзення з намі звязаліся з ГУУС і паведамілі, што акцыя забароненая», – кажа Марына.

Іншая ўдзельніца, Наталля Сацункевіч, распавяла, што толькі за паслугі міліцыі давядзецца заплаціць Менскаму гарвыканкаму Br 76,5, асобныя кошты будуць выстаўленыя за «хуткую» і прыбіранне пляцоўкі.

Хаця парк Дружбы народаў – дазволенае для масавых захадаў месца, пра яго зручнасць ніхто не парупіўся. Манстрантам давялося стаяць пасярод лужынаў і бруду ад талага снегу. Фота Ірыны Арахоўскай / Belsat.eu
Фота Ірыны Арахоўскай / Belsat.eu

Тым часам вакол хадзілі некалькі міліцыянтаў у цывільным і чамусьці здымалі ўсіх прысутных на камеры. На пытанне журналістаў, навошта гэта рабіць падчас дазволенай акцыі, міліцыянт з Савецкага РУУС адказаў: «Прабачце».

Заўтра актывісты «Вясны» прэзентуюць серыю альтэрнатыўных паштовак да 8 сакавіка. Паштоўкі #FLOWERPOWER прадэманструюць падчас імпрэзы «8 сакавіка. Разбуральніцы легенд», якую ладзіць валанцёрская служба «Вясны» ў межах падзеяў да Міжнароднага жаночага дня W-day.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў