«Няхай арыштоўваюць. Што тут я не маю ніякіх правоў, што ў турме». Як жыхарка Смаргоні стала змагаркаю


Людміла Сульжыцкая.
Фота: ВШ / Белсат

У яе няма грошай, каб заплаціць штрафы. Яна асуджаная па васьмі адміністрацыйных пратаколах паводле арт. 23.34. 54-гадовая Людміла Сульжыцкая ўжо не ведае, якую суму штрафаў агулам ёй прысудзілі.

Спадарыня Людміла распавяла «Белсату», як засталася без працы і зрабілася галаўным болем смаргонскіх уладаў, чаму турма яе не спыняе і за што ёй найбольш крыўдна.

Ніколі ў жыцці не пратэставала

Людмілу Іванаўну Сульжыцкую называюць смаргонскай Нінай Багінскай. Яна не прапускае ў горадзе ніводнай пратэстнай акцыі.

Даведка
Фота: ВШ / Белсат

Да пратэстаў яна працавала ў пазаведамаснай ахове. У яе праблемы са здароўем, яна не можа доўгі час сядзець на месцы, ёй нельга падымаць нічога цяжкага – баліць спіна. Часова мела трэцюю групу інваліднасці, але пазней яе знялі.

«Я ніколі ў жыцці нідзе не пратэставала, – распавядае пра сябе спадарыня Людміла. – Але калі я пабачыла вуліцы свайго гораду 9 жніўня пасля выбараў – мне зрабілася ніякавата».

Жанчына кажа, што не магла заставацца ўбаку, калі пабачыла, як міліцыянты (усе – мясцовыя хлопцы і мужчыны) пачалі разганяць людзей, што патрабавалі сумленных выбараў.

«Я спрабавала нейкім чынам тады паўплываць на сітуацыю, – распавядае спадарыня Людміла. – Падыходзіла да міліцэйскіх начальнікаў і казала ім: мужыкі, што вы робіце. А яны маўчалі ў адказ».

Фота: ВШ / Белсат

«Так я стала беспрацоўнай»

Першы раз яе забралі ў міліцыю ўначы з 9 на 10 жніўня, калі яна ўжо вярталася дадому. Пратрымалі ноч і амаль цэлы дзень, склалі пратакол, асудзілі і да канца дня адпусцілі. Другі раз трымалі на соднях у ізалятары часовага ўтрымання.

«Калі першы раз мяне затрымалі, у ізалятар прыйшоў мой начальнік і запатрабаваў, каб я падпісала заяву на звальненне, – згадвае спадарыня Людміла. – Так я стала беспрацоўнай».

Фота: ВШ / Белсат

Знайсці працу, якую б магла выконваць у Смаргоні, праблематычна. Кажа, добра, што жыве ў прыватным доме, то і камунальныя аплаты не вельмі высокія, ды і крэдытаў не мае.

Праўда, у яе доме і няма камунальных выгодаў, але за электрычнасць, вываз смецця трэба плаціць кожны месяц. Пакуль дапамагаюць дарослыя сын і дачка.

Хацела распавесці пра ўсё Караеву – не пусцілі

Аднаго разу спрабавала прарвацца на прыём да былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, які ў райвыканкаме адказваў на тэлефонныя званкі грамадзянаў.

Фота: ВШ / Белсат

Не датэлефанаваўшыся, пайшла наўпрост, але да ўпаўнаважанага прадстаўніка прэзідэнта яе не пусцілі. Тады жанчына ў адчаі стала насупраць Смаргонскага райвыканкаму са сціплым надпісам, які змясціўся ў файлік: «Спадар Караеў, выходзьце, калі ласка, паразмаўляць».

Там яе ніхто не чапаў, а калі ішла дадому, то запіхнулі ў міліцэйскую машыну, прывезлі ў РАУС і склалі пратакол.

– А я хацела Караеву проста ў вочы сказаць пра ўсё, што тут адбываецца, – распавядае жанчына.

А яшчэ яна хацела запытацца ў былога міністра – за што яе кожны раз судзяць?

«Што такога я зрабіла, калі я гуляю па вуліцы ў цэнтры гораду ў нядзелю, а мяне арыштоўваюць і складаюць пратакол? – цікавіцца жанчына. – Я хацела запытацца ў яго наўпрост, бо я ж нічога не скрала, нікога не пабіла і вуліцу не перагароджвала – дык за што мяне затрымліваць і судзіць?»

Фота: ВШ / Белсат

6 снежня Людміла Сульжыцкая прайшлася па Смаргоні ў куртцы з надпісам на спіне: «Ахвяра рэжыму». Гэта таксама было расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У выніку адразу па двух пратаколах суд пакараў Сульжыцкую штрафам на 40 базавых велічыняў.

«Ніколі не перастану выходзіць»

Людміла Іванаўна ходзіць практычна на ўсе судовыя паседжанні, калі разглядаюць справы пратэстоўцаў. Яна ніяк не можа змірыцца, калі ў судзе зачытваюць пратаколы, а там, паводле яе, несапраўдныя звесткі. А потым міліцыянты сведчаць і кажуць, што так і было.

«Я некалькі разоў падыходзіла да іх і проста прасіла, каб яны так не рабілі, – кажа спадарыня. – Шмат хто з іх хадзіў у школу з маім сынам, некаторыя малодшыя, але мы тут адзін аднаго ўсе ведаем. Мне так крыўдна за тое, што людзі, з якімі ўсё жыццё хадзілі па адных вуліцах, так паводзяцца. Мы ж усе – смаргонцы».

Фота: ВШ / Белсат

Спадарыня Людміла з горыччу ў голасе кажа, што, на жаль, усе ейныя размовы з землякамі-міліцыянтамі ніякага плёну не даюць. І, як яна зразумела, на іх ніякім чынам не паўплываць.

«Не ў маіх сілах гэта змяніць, але адзінае, што магу, – ніколі не перастану выходзіць, як раней, і гуляць па горадзе. Няхай арыштоўваюць, – сумна заўважае суразмоўніца. – Што я тут не маю ніякіх правоў, што і ў турме, калі пасадзяць, мне нічога не будуць дазваляць».

Што да звычайных смаргонцаў, ейных суседзяў, знаёмых, то спадарыня Людміла кажа, што большасць з іх цяпер наагул змоўклі, і размовы пра палітыку неяк сцішыліся.

Фота: ВШ / Белсат

«А што людзі могуць сказаць? – задаецца яна пытаннем і сама ж адказвае. – Людзі маўчаць, але ўсе ведаюць, што выбары былі сфальсіфікаваныя, і ўсе супраць гвалту, з якім мы кожны дзень сутыкаемся».

MK, belsat.eu

Стужка навінаў