Новая вядоўца «Белсату» шлях у журналістыку пачала ў Playboy


Святлана Аўчарова перад будынкам Польскага нацыянальнага тэлебачання, у якім размяшчаецца рэдакцыя «Белсату». Фота – Дзяніс Дзюба

Яна змагла «патроліць» Міхэіла Саакашвілі, а пасля інтэрв’ю ейнаму выданню ў адстаўку сышоў кіраўнік «Украінскай чыгункі». Ад сёння да каманды вядоўцаў «Вот так» далучаецца Святлана Аўчарова.

Журналістыка была дзіцячай мараю. Пасля школы яна пайшла вывучаць тэлевізійнае мастацтва ў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі.

«Я з сям’і тэхнароў, але ўжо ў 7-м класе я сказала бацькам, што буду журналістам, цьмяна разумеючы, на самой справе, хто такі журналіст, – распавядае Святлана. – Пазней гэта стала мараю маці. З першага дня на журфаку яна казала: «Дачушка, я вельмі хачу, каб ты вяла навіны».

«Практыку я праходзіла ў выдавецкім доме Burda, які выдае Playboy, і потым даказвала ўсім, што там ёсць тэксты. Там сапраўды ёсць добрыя тэксты», – кажа Святлана.

У глянцавых часопісах Святлана прапрацавала паўтара года, у 2013-м яна пераехала ў Польшчу і паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт на аддзяленне «тэлежурналістыкі».

«Я была там адзінай іншаземкай, – успамінае Света. – Выкладчыкі ўвесь час звярталі ўвагу на мой акцэнт і гаварылі, што я не знайду працу».

«Наагул, я не была ў захапленні ад узроўню падрыхтоўкі на журфаку ў Варшаве, але вучоба дала магчымасць мне разабрацца ў Польшчы: я запісалася, напрыклад, на курсы поп-культуры ў ПНР і паліталогіі», – працягвае яна.

Паралельна з вучобаю Святлана праходзіла стажыроўку ў Newsweek. Пазней яна трапіла ў расейскую рэдакцыю «Польскага радыё», а ад нядаўна ўзначальвае расейскую рэдакцыю парталу Eastbook. Прызнаецца, што дагэтуль працуе 15 гадзінаў штодня – і ёй гэта падабаецца.

«Цяпер не важна ў якім фармаце ты робіш матэрыял. Добра напісаны тэкст можа прачытаць пару соцень тысяч чалавек. Добры тэлерэпартаж можа паглядзець пару мільёнаў», – упэўненая наша новая калега. Фота – Дзяніс Дзюба

На пытанне, які ейны матэрыял змяніў свет, яна задумваецца, а потым смяецца, што менавіта яна арганізавала апошняе інтэрв’ю кіраўніка «Украінскай чыгункі» Войцэха Балчуна.

«Ён наагул нікому не даваў інтэрв’ю, але я дамовілася, што ён сустрэнецца з нашым журналістам у Кіеве. Пасля гэтага ён падаў у адстаўку », – кажа Святлана.

Паляк Войцэх Балчун, былы прэзідэнт PKP Cargo, галоўнага польскага аператара грузавых чыгуначных перавозак, якога Пётр Парашэнка запрасіў рэфармаваць «Укрзализныцу». У жніўні 2017 году ён падаў у адстаўку, скардзячыся журналістам на сабатаж ягоных рашэнняў падначаленымі і маштабную карупцыю.

Напярэдадні адстаўкі Балчуна ўкраінскага грамадзянства пазбавілі іншага ўдзельніка «замежнага дэсанту» – Міхэіла Саакашвілі.

Калі на пачатку гэтага года былы кіраўнік Адэскай вобласці пахваліўся ў «Фэйсбуку» атрыманнем пасведчання на жыхарства ў Нідэрландах «цягам некалькіх хвілін», Аўчарова апісала, як выглядае атрыманне падобнага дакументу ў еўрапейскай краіне, калі ты не Саакашвілі. Публікацыя пра шматмесячныя пакуты сабрала амаль 1000 лайкаў і выклікала шырокае абмеркаванне ў эмігранцкім асяроддзі.

«Я разумею, што апошнім часам у Польшчу прыязджае шмат замежнікаў жыць і працаваць, а кожны інспектар вядзе па 600-700 справаў, але гэта не мая праблема, і дзяржава павінна яе вырашаць», – заяўляе Святлана.

Паводле Светы, пасля паста ў сябры яе дадаў кіраўнік аддзелу навінаў «Белсату» Алесь Карніенка, і яна вырашыла адправіць яму сваё рэзюмэ.

Гэтак да каманды вядоўцаў «Вот так» – нарадзінкі Смаленску Машы Макаравай ды Ігара Віняўскага з Казахстану – далучылася прадстаўніца Украіны.

«Тое, што мы прэзентуем розныя краіны, дазваляе нам па-рознаму глядзець на сітуацыю, і, у выніку, ствараць аб’ектыўны вобраз таго, што адбываецца», – кажа яна.

Света кажа, што згодна з даследаваннямі, аўдыторыі не важна, хто вядзе эфір, але ўпэўненая, што новая асоба дазволіць гледачам лягчэй успрымаць інфармацыю.

«Мы ўсе абсалютна розныя, і ў кожнага – свой падыход. Я паспрабую дадаць праграме лёгкасці: навіна, пададзеная лёгка, больш зразумелая», – дадае яна.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Глядзіце «Вот так» са Святланай Аўчаровай сёння а 19:30 (па Маскве, Кіеву і Менску).

Глядзі таксама
Каментары