Мноства якаснай графічнай інфармацыі, аповеды пра нашых продкаў і іхную зброю ў першыя стагоддзі гісторыі беларускіх земляў – усё гэта змяшчае новае выданне серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя».
«Апошнім часам – з 2015 года – сталі выдаваць нямала такіх дзіцячых выданняў. І гэта добра», – кажа аўтар кнігі кандыдат гістарычных навук археолаг Мікалай Плавінскі.
«Кніга невялічкая, але там шмат ілюстрацый. Там не так шмат тэксту, яна разлічаная на дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. У выданні багата арыгінальных выяваў і фотаздымкаў археалагічных артэфактаў, ёсць там і рэканструкцыі – як малюнкі, гэтак і фота рэканструктараў», – распавядае аўтар.
Мікалай Плавінскі – спецыяліст у гісторыі беларускага ранняга Сярэднявечча, эпохі вікінгаў.
Галоўныя тэмы кнігі – арганізацыя і колькасць войскаў таго часу, наступальная і засцерагальная зброя таго часу на беларускіх землях, яе віды і тэхналогіі вытворчасці. Таксама будуць апісаныя некаторыя баявыя дзеянні гэтых часоў і іхныя асаблівасці.
«Гэта папулярная версія рэальных навуковых працаў плюс магчымасць якасна выдаць цалкам каляровае выданне», – кажа аўтар.
Мікалай Плавінскі – аўтар такіх навуковых і навукова-папулярных кніг як «Бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 года», «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі», «Узбраенне беларускіх земляў Х–ХІІІ стагоддзяў», «Войска Полацкага княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея».
Наклад выдання для дзяцей – 1.200 асобнікаў. Плануецца, што кніга будзе прадавацца ва ўсіх дзяржаўных кнігарнях ужо з наступнага тыдня.
У прынцыпе X-XI стагоддзі на беларускіх землях – гэта класічная еўрапейская эпоха вікінгаў з лакальнымі асаблівасцямі, кажа Мікалай Плавінскі.
Першы князь Полацку Рагвалод, як вядома, «прыйшоў з-за мора» – то бок быў нарманам. Пра нарманскую мінуўшчыну нагадвае і другая частка назвы нашай краіны – слова «Русь» было скандынаўскага паходжання і абазначала групы вікінгаў, якія дзейнічалі на славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх землях, засноўваючы свае княствы і дынастыі. Гэтак лічыў знакаміты акадэмік-лінгвіст Андрэй Залізняк, гэтага меркавання прытрымліваецца і большасць сучасных гісторыкаў.
«Натуральна, княская дынастыя ў нас і значная частка вайсковай эліты ў нас – гэта выхадцы са Скандынавіі, нарманы, вікінгі. Пытанне зараз стаіць у значнай ступені толькі ў тым, наколькі скандынаўскія эліты хутка асіміляваліся на нашай тэрыторыі», – адзначае Мікалай Плавінскі.
«Антынарманізм [тэорыя, якая адмаўляе скандынаўскія карані дзяржаўнасці на тэрыторыях Беларусі, Расеі і Украіны] даўно памёр», – дадае гісторык.
Акрамя ўласна войскаў уласна княскіх дружын і гарадскога апалчэння у войсках нашых продкаў змагаліся і чыста найманыя ці васальныя кантынгенты – як скандынаўскія, гэтак і паўднёвабалтыйскія, пра што таксама будзе згадана ў кнізе.
«Скандынавы ўдзельнічалі ў нашым этнагенезе і ўжо ў другім-трэцім пакаленні яны асіміляваліся, зліваліся з мясцовым насельніцтвам», – кажа аўтар выдання.
Серыя «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» належыць выдавецтву Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, і ў апошнія тры гады яна стала выдаваць нямала падобных навукова-папулярных дзіцячых выданняў.
Сёлета ў гэтай серыі выйдзе яшчэ некалькі кніг для дзяцей на гістарычныя тэмы. У тым ліку адна кніга Мікалая – «Як жылі нашыя продкі». Выданне будзе прысвечана быту жыхароў нашай зямлі ў X-XIII стагоддзях.
Аляксандр Гелагаеў