10 год Белсат працуе для вас. У нашых святочных кліпах мы распавядае пра каштоўнасці якія падзяляем і мы і нашыя гледачы. Ніна Багінская – легенда менскіх вулічных акцыяў.
Вось што Ніна Багінская распавяла нашаму тэлеканалу:
«Гэты сцяг, дзевяць метраў на чатыры з паловай, моладзь носіць на руках як сімвал нашай дзяржавы, нашай незалежнасці.
Прасілі пашыць такі сцяг. Я тры дні шыла гэты сцяг. Цяжка. Дзевяць метраў, разумееце? Гэта ж больш чым гэты пакой.
Мяне завуць Ніна Багінская. Зараз мне 70. У грамадскую дзейнасць мяне прывабіла ідэя адраджэння беларускай культуры. Я ўдзельніца ўстаноўчага з‘езду БНФ у Вільні. Паўдзельнічала ў ста акцыях і атрымала $ 15 тыс. штрафаў.
Зараз дзяржава забірае палову маёй пенсіі і спрабуе адабраць лецішча.
Самотныя акцыі былі, я вырашыла выйсці са сцягам да нулявога кіламетра.
Адразу падышоў міліцыянт і пачаў папярэджваць. Потым пайду на Чырвоны касцёл, там памалюся за палітзняволенных.
Калі 8-га верасня на мяне напалі людзі ў чорным і забіралі сцяг, я ім тады выгукнула, што сэнсу забіраць няма, я яшчэ паш’ю калі буду жыва. А не буду жыць – за мяне паш’юць.
Калі я шыла, была адна думка – як прыйдзе наша ўлада, якая будзе шанаваць нашу культуру, гэты сцяг на плошчы Незалежнасці, будзе замест таго савецкага, які там зараз. Бо гісторыя мае развіццё».
З самога пачатку існавання тэлеканал вызначыў сваю місію і кіраваўся яснымі прынцыпамі, якія сабраныя ў спісе каштоўнасцяў «Белсату».
Нашыя каштоўнасці:
1. Свабода і незалежнасць у абмене думкамі ды поглядамі.
2. Праўда як імкненне ведаць фактычны стан рэчаў.
3. Роўнасць перад законам і палітычная дэмакратыя.
4. Права чалавека абіраць жыццёвы шлях.
5. Вера і духоўныя каштоўнасці.
6. Незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.
7. Культура і мова Беларусі – на бацькаўшчыне і па-за яе межамі.
8. Гісторыя і еўрапейскія карані Беларусі.
9. Талерантнасць і шанаванне правоў меншасцяў, а таксама адметныя традыцыі Беларусі ў гэтай галіне.
10. Разнастайнасць меркаванняў.
11. Нонканфармісцкае стаўленне ды ініцыятыва.
12. Пабудова грамадзянскае супольнасці, развіццё пачуцця грамадзянскай салідарнасці.
Глядзіце таксама:
НМ, belsat.eu