Затрыманні, слезацечны газ і перамога людзей. Як пратэстуюць беларусы ў рэгіёнах


Тысячы людзей выйшлі не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах у Беларусі. У некаторых месцах Беларусі сілавікі здаюцца перад націскам людзей.

Нашыя карэспандэнты перадаюць, што ў Горадні сілавікі ўжываюць слезацечны газ. Агулам там затрымана каля 40 чалавек, з іх 5 – журналісты, у тым ліку і дзяржаўнай газеты «Гарадзенская праўда».

У Бабруйску на цэнтральнай плошчы АМАПаўцы стаяць па аднаму, перакрываючы браму.

У Віцебску працягваюцца затрыманні. Маніфестанты засталіся толькі на Маскоўскім праспекце. Людзі ідуць па ходніках. Працягваюцца затрыманні. Аўтазакі едуць па праспекце, спыняюцца, затрымліваюць людзей, саджаюць у аўтазак, едуць далей. Затрыманых каля 10 чалавек.

У Паставах перакрылі дарогі да цэнтру гораду МАЗамі, людзей не прапускаюць у цэнтр гораду. Але бачна, што міліцыянтаў мала, паведамляюць відавочцы.

А ў Слоніме каля 200 чалавек сабраліся каля выканкаму, і надалей падыходзяць яшчэ людзі.

У Наваполацку прыгналі сілавікоў у спробах разагнаць народ, але людзі не сыходзяць. Зараз на плошчы некалькі соцень чалавек.

Перамога людзей у некаторых гарадах

У Жлобіне людзі святкуюць перамогу. Імаверна, усе сілавікі ў Менску.

Нешта падобнае адбываецца ў Маладзечна.

У Лідзе таксама натоўп на вуліцах, АМАП апусціў шчыты, а людзі апладзіруюць і крычаць «Верым! Можам! Пераможам!».

У Баранавічах горадзе людзі паўторна сканцэнтраваліся ў цэнтры. Супраць іх ужылі вадамёты, паведамляе карэспандэнт Нашай Нівы.

У Пінску старшыня выканкаму выйшаў на перамовы з людзьмі. Аднак перамовы не далі плёну. Пінчукі, якія патрабавалі, каб ён прызнаў, што выбары сфальсіфікаваныя, працягваюць збірацца на цэнтральнай плошчы Леніна. Па інфармацыі Еўрарадыё, мэр прапаноўваў сустрэцца заўтра, але людзі не пагадзіліся. У цэнтры горада цяпер знаходзіцца больш за 2000 чалавек.

У Кобрыне сілавікоў нават не бачна і не чуваць. Натоўпы людзей на вуліцах.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў