Вынікі 2020 года: чатыры памылкі Лукашэнкі, якія пазбавілі ягоны рэжым будучыні


Галоўнымі вынікамі 2020 года стала нараджэнне беларускай палітычнай нацыі ды стварэнне сітуацыі, пры якой крах беларускай палітычнай мадэлі робіцца пытаннем бліжэйшага часу. Такая сітуацыя склалася дзякуючы чатыром галоўным памылкам Аляксандра Лукашэнкі: кожная з якіх пашырала прорву паміж грамадствам і ўладамі ды абуджала палітычную самасвядомасць беларусаў.

Тое, што 2020 год у Беларусі можа стаць годам гістарычных падзеяў, не прагназаваў ніхто: чакалася, што сёлетнія выбары будуць самымі спакойнымі ды нецікавымі ў гісторыі краіны. Тым больш, што прайсці яны мелі ў год пандэміі каронавіруса, што, паводле большасці экспертаў, мусіла быць дадатковым фактарам дэмабілізацыі. Аднак насуперак гэтым прагнозам менавіта каронавірус стаў першым штуршком для абуджэння грамадства.

Памылка № 1: стаўленне да пандэміі

У адрозненне ад большасці еўрапейскіх краінаў, Беларусь увесну 2020 года адмовіліся ад любых абмежавальных захадаў ва ўмовах імклівага распаўсюджвання COVID-19. Аднак праблема была не ў тым, што Лукашэнка не стаў уводзіць жорсткага каранціну, а ў тым, што ён высмейваў саму пагрозу каронавіруса, сцвярджаючы, што лячыць новую хваробу трэба гарэлкай, хакеем і трактарамі. Каронавірус быў абвешчаны «псіхозам», і Лукашэнка цынічна каментаваў першыя смерці інфікаваных – і нават намякаў, што пандэмія стала вынікам сусветнай змовы.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Але насуперак угаворванням Лукашэнкі і дзяржаўнай прапагандзе беларусы цалкам сур’ёзна паставіліся да пагрозы каронавіруса. Паводле звестак даследчай кампаніі Satio, нават без прыняцця адміністрацыйных захадаў амаль палова жыхароў Беларусі (48 %) змянілі свой лад жыцця, добраахвотна перайшоўшы на рэжым поўнай ці частковай самаізаляцыі. Каля 70 % апытаных у сакавіку выступалі як мінімум за поўную забарону ўсіх грамадскіх імпрэзаў, а больш за палову – за каранцін у школах і перавод на дыстанцыйную працу ўсіх работнікаў. Адначасова ў краіне паднялася беспрэцэдэнтная хваля дабрачынных ініцыятываў: бізнес і проста неабыякавыя грамадзяне ахвяравалі грошы на тое, каб забяспечыць медыкаў усім неабходным, сотні чалавек запісваліся ў валанцёры.

Высмейваючы пагрозу каронавіруса, Лукашэнка мімаволі разбурыў патэрналісцкую мадэль дачыненняў уладаў і грамадства. Гэтая мадэль будавалася на простым прынцыпе: з усімі пагрозамі ды выклікамі змагаюцца толькі ўлады. Прычым дзейнічаць улады маглі абсалютна не эфектыўна, але самае галоўнае, што ў грамадства не мусіла з’явіцца ўражання, што яно засталося з праблемай сам-насам. Але менавіта гэта адбылося ўвесну 2020 года: ініцыятыва ў пытаннях барацьбы з каронавірусам перайшла ў рукі грамадства.

У вачах людзей аўтарытарны рэжым ўпершыню за доўгі час выглядаў слабым і проста непатрэбным.

Фота: Belsat.eu

Той факт, што паводзіны Лукашэнкі мелі катастрафічныя наступствы для ягонага рэйтынгу, ускосна пацвярджала нават дзяржаўная прапаганда. На пачатку ліпеня кіраўнік праўладнага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў апублікаваў нібыта сакрэтны дакумент на імя Лукашэнкі, падрыхтаваны Аператыўна-аналітычным цэнтрам (ААЦ). У ім распавядалася, што ў сакавіку рэйтынг Лукашэнкі стаў рэзка падаць і ў цэлым па краіне дасягаў 60 %. Галоўнай прычынай гэтай з’явы называлася крытычнае стаўленне беларусаў да дзяржаўных захадаў у барацьбе з каронавірусам.

Лічбы ААЦ даверу ні ў каго не выклікалі, але ў самой тэндэнцыі сумнявацца падставаў не было: нават дзяржаўная прапаганда была вымушаная прызнаць, што пандэмія каштавала Лукашэнку чвэрці ягонага афіцыйнага рэйтынгу. Але насамрэч сітуацыя была яшчэ горшая: паводле звестак Інстытуту сацыялогіі НАН, злітых у сеціва, у красавіку рэйтынг даверу Лукашэнкі быў на ўзроўні 24 %. А травеньскія інтэрнэт-апытанні найбуйнейшых беларускіх сайтаў дэманстравалі зусім нізкую папулярнасць кіраўніка дзяржавы – за яго былі гатовыя галасаваць усяго 3–5 %.

Памылка №2: арышт Ціханоўскага і Бабарыкі

Перадвыбарчая кампанія ад самага пачатку прадэманстравала вялікі попыт на перамены і рэзкі рост палітызацыі грамадства. Людзі стаялі ў кіламетровых чэргах да пікетаў Сяргея Ціханоўскага ды іншых удзельнікаў кампаніі – збор подпісаў фактычна пераўтварыўся ў форму публічнага пратэсту, СМІ пісалі нават пра «падпісную рэвалюцыю». У адказ на гэта ўлады перайшлі да рэпрэсіяў: 29 траўня ў Горадні быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі, а 18 чэрвеня ў Менску затрымалі Віктара Бабарыку. Да таго ж, Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, а стыхійныя пратэсты жорстка разганялі сілавікі.

Сяргей Ціханоўскі на пікеце ў Магілёве.
Фота: «Белсат»

Перадвыбарчыя рэпрэсіі мелі тры галоўных наступствы. Па-першае, яны стымулявалі мабілізацыю грамадства – нахабныя дзеянні ўладаў закранулі нават тых, хто раней не цікавіўся палітыкай, і зусім не турбаваўся, калі пад рэпрэсіі траплялі прадстаўнікі старой апазіцыі.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Па-другое, рэпрэсіі разбурылі бесканфліктны дыскурс, на якім будаваў перадвыбарчую тактыку Віктар Бабарыка – самы папулярны альтэрнатыўны кандыдат, які сабраў больш за 400 тысяч подпісаў. Фактычна ён сцвярджаў, што для пераменаў у краіне зусім не абавязкова ладзіць масавыя пратэсты – дастаткова проста прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць. «Волю народа сфальсіфікаваць немагчыма», – неаднаразова падкрэсліваў ён. Прыбраўшы з перадвыбарчай гонкі самых папулярных сваіх апанентаў Лукашэнка пазбавіў грамадства падобных ілюзіяў. Людзі паступова прыйшлі да высновы, што масавы пратэст – гэта ўсё ж адзіны шлях да зменаў у краіне.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У трэціх, Лукашэнка мімаволі дапамог кансалідаваць пратэставы электарат, бо пасля адмовы ў рэгістрацыі штабы Цапкалы і Бабарыкі аб’ядналіся з камандай Святланы Ціханоўскай. Дэ-факта Святлана Ціханоўская пераўтварылася ў адзінага кандыдата ад апазіцыі і цяпер магла разлічваць на электаральную большасць ужо ў першым туры.

Лукашэнка, дазволіўшы зарэгістраваць Ціханоўскую, зноў пралічыўся: імаверна, ён разлічваў паўтарыць сцэнар 2015 года, калі фактычна адзіным альтэрнатыўным кандыдатам на выбарах была Таццяна Караткевіч, але ні аб’яднаць вакол сябе іншыя палітычныя сілы, ні мабілізаваць грамадства яна не змагла. Аднак электаральная сітуацыя цяпер была зусім іншая, а Ціханоўская ў сваю чаргу ўспрымалася не як палітык, а як сімвал пераменаў. А сімвал заўсёды прасцей падтрымліваць, чым канкрэтнага палітыка.

Памылка №3: тэрор 9-12 жніўня

Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Наступная хваля мабілізацыі і палітызацыі грамадства стала вынікам беспрэцэдэнтнага гвалту супраць пратэстоўцаў і масавых катаванняў затрыманых.

Робячы стаўку на неабмежаваны тэрор пры задушэнні паслявыбарчых пратэстаў, Лукашэнка, імаверна, хацеў паўтарыць сцэнар 2010 года. Тады дэманстратыўна жорсткі разгон Плошчы і крымінальны пераслед яе ўдзельнікаў зняў пытанне аб пратэстах на гады наперад. Тое ж самае Лукашэнка планаваў зрабіць і цяпер: запалохаць грамадства настолькі, каб яно яшчэ доўга не думала аб пратэстах. А паколькі электаральная сітуацыя цяпер была горш, чым у 2010 годзе, то і гвалт мусіў быць значна больш маштабным. Аднак цяпер сітуацыя была іншай не толькі колькасна, але і якасна.

Hавiны
Чым Плошча-2010 адрозніваецца ад пратэстаў-2020
2020.12.19 20:10

Па-першае, патэрналісцкая мадэль узаемадзеянняў улады і грамадства, у межах якой абсалютная большасць беларусаў мусіла заставацца апалітычнай, ужо была разбураная. Ва ўмовах шырокай палітызацыі грамадства гвалт у дачыненні пратэстоўцаў больш не ўспрымаўся як міжсабойчык апазіцыі і ўладаў – у падзеях 2020 года людзі пабачылі тэрор супраць усяго народа, а не асобных яго прадстаўнікоў. Гвалт літаральна прыйшоў у дом кожнага: цяпер беларусы маглі назіраць страляніну і выбухі проста з уласных вокнаў.

Ст. м. «Пушкінская», Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Па-другое, праблема гвалту і катаванняў выходзіла далёка за межы палітыкі – гэта было перш за ўсё пытанне этыкі і маралі. Менавіта нязгода з тэрарыстычнымі метадамі ўладаў вывяла на вуліцы сотні тысяч чалавек, справакавала стачкі на заводах, а таксама прывялі да хвалі звальненняў у дзяржструктурах і праваахоўных органах.

Памылка №4: адмова ад саступак

Затрыманні ў Менску 13 верасня пачаліся яшчэ да «Маршу герояў».
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Пасля тэрор 9-12 жніўня добрых варыянтаў выхаду з сітуацыі ў Лукашэнкі ўжо не было. Пратэсты набылі небывалыя маштабы, а адзінай апорай дзейнага рэжыму былі сілавікі.

Фактычна ў Лукашэнкі заставалася толькі два шляхі. Першы – гэта паспрабаваць змяніць электаральную сітуацыю, прызнаць некаторыя свае памылкі і супакоіць грамадства пры дапамозе пэўных саступак. Другі – зрабіць канчатковую стаўку на татальны тэрор.

У межах першага варыянта можна было распачаць крымінальныя справы за забойствы і катаванні пратэстоўцаў, і хаця б асобных сілавікоў прыцягнуць да адказнасці – няхай і ў якасці стрэлачнікаў. У прыватнасці, можна было паўтарыць сітуацыю са «справай Коржыча»: тады, нагадаем, ніхто з афіцэраў не трапіў пад крымінальны пераслед за смерць жаўнера, міністр не пазбавіўся сваёй пасады, але трое сяржантаў з часткі Коржыча жорстка пакаралі за нестатутныя адносіны. Шмат хто застаўся незадаволеным такім вынікам (у тым ліку сваякі Коржыча), але сваю функцыю працэс выканаў – тэма дзедаўшчыны была знятая з парадку дня. Пры ўсёй розніцы сітуацыяў, стварэнне выгляду законнага судовага пераследу вінаватых у забойствах і катаваннях хаця б частку пратэстоўцаў магло супакоіць. А гэта б ужо дало шанец на пераадоленне адчужэння ўлады і грамадства, выбудоўванне доўгатэрміновых стасункаў.

Марш пратэсту ў Менску, 25 кастрычніка 2020 г.
Фота: Агата Квятковска / «Белсат»

Аднак тут была і рызыка: ва ўмовах нестабільнай грамадска-палітычнай сітуацыі сілавікі маглі збунтавацца, палічыўшы што Лукашэнка капітулюе і ім прыйдзецца за ўсё адказваць адным. Рызыкаваць стасункамі з сілавікамі Лукашэнка не стаў і зрабіў стаўку на татальную прававую сегрегацыю, калі забойства і катаванні іншадумцаў афіцыйна не лічыцца злачынствам, а любая праява пратэсту можа пераследавацца ў крымінальным парадку. Тэрор набыў небывалыя масштабы: больш за 30 тысяч затрыманых у адміністратыўным парадку, больш за 900 чалавек трапілі пад крымінальны пераслед у сувязі з пратэстамі (з іх 169 ужо прызнаныя палітвязнямі), сотні чалавек прайшлі праз катаванні, не менш за 10 былі забітыя.

Затрыманні каля Камароўкі падчас жаночага маршу 26 верасня. Менск, Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У кароткатэрміновай перспектыве такая тактыка Лукашэнкі аказалася эфектыўнай: у 2020 годзе ён захаваў сваю ўладу, а масавасць пратэстаў істотна знізілася. Але электаральную сітуацыю тэрор ніяк не змяніў, першапрычына пратэстаў не знікла. І таму нават старшыня КДБ Іван Церцель падчас снежаньскага выступу на «Горадня Азоце» прызнаваў, што ўжо вясной краіну чакае ледзь не «гарачая вайна», тым больш, што прагназуецца пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Адмовіўшыся ад любых кампрамісаў з грамадствам, Лукашэнка канчаткова пазбавіў свой рэжым будучыні.

Трон на штыках

Сёлета ў Беларусі назіралася татальная палітызацыя насельніцтва: маўклівая большасьць раптам адчула сябе грамадзянамі, якія гатовыя рызыкаваць сабой, каб дамагчыся ў краіне пераменаў. Аб’яднанне і салідарызацыя беларусаў адбылася на ўсіх узроўнях – аж да асобных мікрараёнаў і двароў. Гэтыя працэсы даюць падставы казаць пра нараджэнне беларускай палітычнай нацыі. Супрацьпаставіць ім Лукашэнка можа толькі тэрор і менавіта ў гэтым слабае месца ягонага рэжыму.

Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 году.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Напалеон Банапарт казаў, што пры дапамозе штыкоў можна зрабіць усё што заўгодна, але на іх нельга ўсядзець. Гэты афарызм неаднаразова знаходзіў свае пацверджанне ў гісторыі. Нават самыя жорсткія і крывавыя рэжымы стараліся выкарыстоўваць для кіравання грамадствам камбінацыю метадаў: не толькі пугу, але і пернік. І калі перніка ў дыктатараў не знаходзілася, то час іх кіравання быў вельмі непрацяглы.

Узорны прыклад такой камбінаванай палітыкі прадэманстраваў лідар бальшавіцкай Расеі Уладзімір Ленін напрыканцы Грамадзянскай вайны. Тады па ўсёй тэрыторыі былой Расейскай імперыі бушавалі сялянскія паўстанні, якія жорстка душыліся. Але адначасова Ленін распачаў палітыку НЭПа, якая палепшала эканамічную сітуацыю для сялянства і іншых слаёў насельніцтва. Дарэчы, падобную методыку раней выкарыстоўваў і Лукашэнка: напрыклад, у 2017-м жорсткае задушэнне пратэстаў недармаедаў было спалучана са скасаваннем самога Дэкрэта аб дармаедах.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Магілёў, Беларусь. / Belsat.eu

Але цяпер ніякага перніка беларускаму грамадству Лукашэнка прапанаваць не можа. На саступкі ў пытаннях пакарання за гвалт ён не пайшоў, а для паляпшэння сітуацыі ў эканамічнай сферы няма рэсурсаў і з улікам нелегітымнасці рэжыму на міжнародным узроўні ўзяць іх проста няма дзе. Замест гэтага ў 2021 годзе чакаецца ўвядзенне новых падаткаў, што можа толькі пагоршыць электаральную сітуацыю для рэжыму. Працяглы час захоўваць уладу ў такіх умовах проста немагчыма.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў