Сілавікі затрымалі 19-гадовага жыхара Воршы, які ў жніўні-верасні дасылаў гнеўныя паведамленні камандзіру менскага АМАПу. У прэс-рэлізе МУС імя камандзіра не называецца, але вядома, што гэтую пасаду займае Дзмітрый Балаба.
Як паведамляе МУС, супраць хлопца распачатая крымінальная справа паводле арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў) Крымінальнага кодэксу.
Прэс-служба МУС таксама выклала скрыншоты некаторых паведамленняў, з якіх зразумела, што 19-гадовы хлопец быў абураны гвалтам супраць мірных пратэстоўцаў. Аднак канкрэтных пагрозаў у апублікаваных паведамленнях не бачна – толькі агульныя фразы кшталту «хадзі і бойся».
«Хлопец распавёў, што нумар мабільнага тэлефона афіцэра знайшоў у дэструктыўным тэлеграм-канале. Знаходзячыся ў Літве, куды паехаў пасля ўдзелу ў пратэстах, пачаў адпраўляць міліцыянту паведамленні з пагрозамі расправы. Нядаўна хлопец вярнуўся. Высветлілася, што на такі крок ён наважыўся, бо быў упэўненым у сваёй ананімнасці», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.
На відэа, знятым пасля затрымання, хлопца прымусілі сказаць, што ён не меў рацыі, калі вінаваціў камандзіра АМАПу ў злачынствах супраць мірных грамадзянаў. «У тэлеграм-каналах ніхто нічога не кажа пра добра, толькі пра кепскае. Я паступіў няправільна», – кажа ён.
Нагадаем, у лістападзе 19-гадовага студэнта МДЛУ Іллю Тананку нібыта за абразу Дзмітрыя Балабы пакаралі 1,5 гадамі «хіміі». Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён напісаў на сцяне дому па вуліцы Скрыпнікава, дзе пражывае начальнік менскага АМАПу, «Балаба – забойца».
Таксама МУС паведамляе, што крымінальная справа была распачата за абразу гомельскага міліцыянта ў інтэрнэце. Паводле прэс-рэлізу, у канцы кастрычніка ў адным з телеграм-каналаў была размешчана інфармацыя пра міліцыянта з Гомельшчыны.
«Сярод каментароў зʼявілася абраза, якую праваахоўнік не стаў цярпець і звярнуўся ў абласное ўпраўленне ўласнай бяспекі», – паведамляецца ў прэс-рэлізе.
У МУС кажуць, што гэтыя каментары «відавочна выходзілі за рамкі прынятых нормаў маралі і права». Аўтарам допісу аказаўся 35-гадовы мянчук, які працуе кухарам.
ІІ belsat.eu