Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што 31 жніўня пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы на памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Заяву Канферэнцыі апублікаваў сайт catholic.by.
«Недапушчальна, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і несці ў ёй служэнне, даверанае яму Святым Айцом Францішкам», – адзначаецца ў заяве.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў нагадвае, што Кандрусевіч з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і лічыць, што дзеянні ўладаў не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. У заяве адзначаецца, што падобныя дзеянні ўлады не спрыяюць будаўніцтву канструктыўных стасункаў паміж дзяржавай і Касцёлам, «не служаць змяншэнню напружанасці і пераадоленню глыбокага падзелу ў грамадстве».
«Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае надзею на тое, што адмова арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь з’яўляецца толькі прыкрым непаразуменнем, якое як найхутчэй будзе вырашана, а таксама што падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні», – адзначаюць аўтары звароту.
Нагадаем, 31 жніўня беларускія памежнікі не пусцілі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь без тлумачэння прычынаў.
1 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, бо ён нібыта «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы.
«Атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся Беларусь і трапіў у гэты спіс неўязных, які агульны ў Беларусі і Расеі. Не толькі ён адзін, проста ён – больш вядомая фігура», – сказаў Лукашэнка.
ІІ belsat.eu