Менск хоча падняць тарыфы на транзіт нафты праз тэрыторыю Беларусі


Прадпрыемства «Гомельтранснефть Дружба» 26 траўня накіравала расейскай кампаніі «Транснефть» прапанову з 1 ліпеня падвысіць тарыфы на пракачку нафты праз Беларусь адразу на 84%, паведамляе «Коммерсант».

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Kodda / Shutterstock.com

Нафтаправод «Дружба» ідзе па тэрыторыі Расеі да беларускага Мазыра, а потым раздзяляецца на дзве галіны: паўночную і паўднёвую. Падвышэнне тарыфу плануецца на абодвух кірунках. Гэтая неабходнасць тлумачыцца тым, што такім чынам атрымаецца забяспечыць бясстратную працу беларускай кампаніі ў 2023 годзе.

Аб’ёмы транзіту нафты праз Беларусь значна скараціліся праз вайну ва Украіне і санкцыі. Найперш, зменшыліся пастаўкі па паўночнай галіне ў кірунку Нямеччыны і Польшчы. З пачатку года па нафтапровадзе ідзе толькі казахстанская нафта, аб’ём якой па выніках года можа скласці каля 1 мільёну тон, што ў 20 разоў менш, чым перакачвалася раней.

У першым квартале 2023 года пракачка нафты па «Дружбе» упала ў 4,7 разы, у кірунку Польшчы і Нямеччыны – у 12,1 разоў у параўнанні з 2022 годам.

Цалкам загружаная паўднёвая галіна, па якой нафта ідзе праз Украіну ў Чэхію, Славакію, Вугоршчыну і Харватыю.

Страты кампаніі «Гомельтранснефть Дружба» за першы квартал бягучага года склалі 329 мільёнаў рублёў, а па выніках першага паўгоддзя могуць дасягнуць 1,26 мільярдаў рублёў.

МАРТ заявіў, што перамоўны працэс аб павелічэнні тарыфаў пакуль не скончаны. Расейскія ж эксперты лічаць, што калі прапанова на падвышэнне коштаў будзе ўхваленая, гэта прывядзе да падаражэння паставак нафты і ў выніку краіны, у якія яна ідзе (Нямеччына, Польшча, Чэхія, Славакія, Вугоршчына) пачнуць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны, зазначае «Коммерсант».

На пачатку 2023 года Беларусь ужо падвышала кошты транзіту нафты праз сваю тэрыторыю – на 9%.

Падвысіла тарыфы таксама «Укртранснафта» – на 25% з 1 чэрвеня.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў