ICAO падоўжыла тэрмін расследавання прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair»


Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) плануе завершыць расследаванне скандалу з прымусовай пасадкай у Менску самалёта «Ryanair» у верасні.

ICAO ужо падрыхтавала папярэднюю справаздачу, але яе вынікі пакуль не апублікаваныя.

Як паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы, Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі патрэбны час, каб сабраць дадатковую інфармацыю ад краінаў і арганізацыяў, звязаных з інцыдэнтам. Гэтай інфармацыі не хапае для вызначэння ўсіх абставінаў здарэння. Акрамя таго, Беларусь прадставіла мноства звестак на расейскай мове, і іх яшчэ трэба перакласці.

У выніку тэрміны расследавання падоўжаныя да верасня.

Нагадаем, што самалёт «Ryanair» 23 траўня зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасля інфармацыі аб «мінаванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. На даручэнне Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба ўзняўся знішчальнік МіГ-29. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі. Інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня пацягнуў увядзенне жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Hавiны
Генпракурор Літвы: расследаванне прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» ідзе даволі інтэнсіўна
2021.06.15 16:37

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў